Майкл Пампеа: ЗША ніколі не прызнаюць анексію Крыма
На шостыя ўгодкі анексіі Крыма Дзярждэпартамент ЗША пацвердзіў, што Вашынгтон ніколі не прызнае паўвостраў часткай Расейскай Федэрацыі. „Крым – гэта Украіна”, – заявіў дзяржсакратар ЗША Майкл Пампеа ў ноч на чацвер, 27 лютага, у Twitter, заклікаўшы Маскву пакласці канец акупацыі паўвострава.
„Праз шэсць гадоў пасля анексіі Крыма РФ па-ранейшаму грунтуецца на хлусні і дэзінфармацыі ў сваёй няўдалай спробе ўзаконіць нелегітымныя дзеянні. Яе высілкі праваляцца. Свет ніколі не забудзе беспрычыннае ўварванне Расеіі ва Украіну”, – гаворыцца ў заяве, размешчанай на сайце Дзярждэпартаменту ЗША.
Ведамства асудзіла супрацьзаконныя дзеянні Расеі ў Крыме, а таксама яе агрэсію, якая працягваецца ў дачыненні да Украіны, у тым ліку на Данбасе. ЗША будуць падтрымліваць санкцыі супраць РФ да той пары, пакуль яна не верне кантроль над Крымам Украіне і не выканае поўнасцю свае абавязкі паводле Менскіх пагадненняў, заявіў Дзярждэпартамент.
У заяве падкрэсліваецца, што акупацыя Расеяй Крыма і яе дзеянні па ўзмацненні мілітарызацыі паўвострава нясуць пагрозу для бяспекі сусветнай супольнасці. „Расейскія акупацыйныя ўлады працягваюць замахі на правы чалавека і асноўныя свабоды, жорстка душаць крытыку з боку грамадзянскай супольнасці і СМІ і абмяжоўваюць рэлігійную свабоду”, – гаворыцца ў заяве.
Беларускае Радыё Рацыя