Азербайджан адправіць першы танкер з нафтай для Беларусі



Першы танкер з азербайджанскай нафтай будзе накіраваны ў Беларусь меркавана 20 сакавіка, паведамілі БелаПАН у Дзяржаўнай нафтавай кампаніі Азербайджана (SOCAR).

Паводле слоў прадстаўніка SOCAR Ібрагіма Ахмедава, танкер з 85 тысячамі тон нафты выйдзе з порта Супса ў Адэсу.

«Па другім танкеры дамова пакуль не падпісаная. Перамовы працягваюцца», – паведаміў ён.

Раней канцэрн «Белнафтахім» паведаміў пра дамоўленасці з SOCAR пра пастаўку двух танкераў нафты – 160 тысяч тон. Пастаўкі будуць ісці ў сакавіку з тэрыторыі Украіны па нафтаправодзе Адэса – Броды на Мазырскі НПЗ.

Беларусь закупляе нафту ў альтэрнатыўных пастаўшчыкоў на фоне рознагалоссяў па цане на сыравіну з буйнымі расейскімі кампаніямі. Бакі не могуць дамовіцца аб прэміі да цаны нафты. Паводле непацверджанай інфармацыі, летась Беларусь плаціла расейскім кампаніям прэмію ў 6–10 долараў за тону нафты. Сёлета ў Расеі спачатку хацелі павысіць прэмію да 12–16 долараў за тону, але пасля перамоў Уладзіміра Пуціна і Аляксандра Лукашэнкі прапанавалі штогод зніжаць яе на 2 долары за тону. У Беларусі адмаўляюцца плаціць прэмію ў сувязі з тым, што расейская сыравіна і так даражэе з-за падатковага манеўру.

У студзені Беларусь закупіла 86 тысяч тон нарвежскай нафты. У сакавіку чакаюцца два танкеры са 160 тысячамі тон расейскай нафты без прэміі з паравалкай у порце Клайпеды. Акрамя таго, у сакавіку дадаткова да кампаній групы «Сафмар» нафту па трубаправодзе «Дружба» будуць пастаўляць яшчэ пяць расейскіх кампаній, якія раней не займаліся пастаўкамі нафты ў Беларусь. Пастаўкі будуць ісці па рынкавай цане без прэміі, паведаміў раней «Белнафтахім». Асноўныя расейскія пастаўшчыкі нафты, сярод якіх і кампанія «Раснефць», пакуль не ўваходзяць у спіс пастаўшчыкоў.

«Праца вядзецца з усімі кампаніямі. Пакуль у нас супрацоўніцтва вызначаецца так – гэта рынкавая цана без прэміі. І паводле гэтай схемы гатовыя працаваць пяць новых гульцоў. Значыць, гэтая схема з’яўляецца жыццяздольнай», – сказаў БелаПАН прэс-сакратар канцэрна «Белнафтахіма» Аляксандр Цішчанка.

БелаПАН