Дыскусія пра Кастуся Каліноўскага ў Цэнтры праваслаўнай культуры



У Цэнтры праваслаўнай культуры прайшла чарговая дыскусійная сустрэча. Гэтым разам прафесар Алег Латышонак гаварыў пра нараджэнца Мастаўлянаў, кіраўніка паўстання 1863-1864, Кастуся Каліноўскага.

Нягледзячы на апошнія падзеі, звязаныя з Каліноўскім, асоба героя для некаторых застаецца даволі спрэчнай.

Гаворыць Алег Латышонак:

– Думаю, калі ён пачынаў, як паляк, гэтае паўстанне, то ўжо паміраў – як беларус. І гэтаму даволі многа доказаў. І той ліст і верш да каханай. Ніхто не піша на чужой мове да каханай жанчыны апошні ліст.

Старшыня Таварыства “Русь” прафесар Анатоль Адзіевіч:

– Шмат цікавых фактаў сказаў, якіх я не ведаў. Для мяне заўсёды цікавыя факты, бо што тычыцца інтэрпэтацый ці поглядаў, то я свой розум маю і па-свойму думаю. Для мяне постаць Каліноўскага нічога не значыць. Гэта адзін з шэраговых удзельнікаў Студзеньскага паўстання. Я думаю, што для палякаў гэта важная постаць, а для нашага народа – не. Ёсць шмат іншых заслужаных людзей. Напрыклад, Прытыцкі. Ці маршал Савецкага Саюза Сакалоўскі. Нарадзіўся ў Козліках. Чамусьці ніхто пра яго ніколі не гаворыць. А з нашай зямлі то можа найвыбітнейшая гістарычная постаць! Маршал Савецкага Саюза, узначальваў Генштаб нейкі час. У 75-ю гадавіну пермогі хто пра яго гаворыць?

– Дыскусія шчырая, адкрытая. Так і павінна быць, шкада толькі, што так мала людзей прыходзіць. Лічу, што мерапрыемства трэба больш рэкламаваць для нашай супольнасці.  

Цягам двухгадзіннай сустрэчы прысутныя абмяняліся думкамі наконт Студзеньскага паўстання 1863 года і аднаго з яго лідараў – Кастуся Каліноўскага.

Уля Шубзда, Беларускае Радыё Рацыя