Сяргей Тарасаў: Увогуле не зразумела, чыя дакладна гэта ініцыятыва



У гістарычным цэнтры Полацка ўжо абгарадзілі пляцоўку для пабудовы кадэцкай вучэльні. Паводле планаў уладаў, вучэльня будзе знаходзіцца вельмі блізка да знакамітага Сафійскага сабора — сімвала не толькі Полацка, але і ўсёй беларускай дзяржаўнасці.

Ёсць вялікія падазрэнні, што ў праекце зацікаўленыя пэўныя сілы ў Расеі. Пакуль можна сказаць, што ў Беларусі за праект адказнае Міністэрства адукацыі, – лічыць гісторык Сяргей Тарасаў.

– Па тых адказах, якія прыходзяць мне на мае лісты з полацкай раённай пракуратуры, – яны паставілі на кантроль, у іх там цікавая фармулёўка: „у сувязі са значнасцю узнятых пытанняў”. Такім чынам, я так разумею, паколькі яны збіраюцца там паставіць кадэцкую вучэльню, то, відаць, там ногі растуць у першую чаргу з Міністэрства адукацыі Рэспубікі Беларусь. Хаця афіцыйна заказчыкам гэтай будоўлі з’яўляецца упраўленне капітальнага будаўніцтва Полацкага райвыканкама.

Цяпер Сяргей Тарасаў лістуецца з рознымі дзяржаўнымі органамі. З сабранай інфармацыяй, калі будоўля ў гістарычным цэнтры найстарэйшага беларускага горада не спыніцца, гісторык звернецца ў суд.

Поўную гутарку слухайце ў далучаным файле:

Кастусь Багушэвіч, Беларускае Радыё Рацыя

Фота Андрэя Бухавецкага