У Менску пройдзе форум па экалагічным і сельскім турызме



Пад эгідай Сусветнай турыстычнай арганізацыі ў Менску ў траўні адбудзецца міжнародны форум па экалагічным і сельскім турызме. Пра гэта 27 лютага на прэс-канферэнцыі паведаміў намеснік дырэктара дэпартамента па турызме Міністэрства спорту і турызму Віталь Грыцэвіч.

„Агратурызм стаў адным з брэндаў Беларусі, па якім нас сталі пазнаваць у свеце. У мінулым годзе адбыўся візіт генеральнага сакратара Сусветнай турыстычнай арганізацыі Зураба Палалікашвілі ў Менск. Ён адзначыў нашы поспехі ў гэтым ключы. Гэты год абвешчаны СГА годам экалагічнага і сельскага турызму, і Палалікашвілі прапанавалі правесці ў маі гэтага года міжнародны форум, прысвечаны гэтай тэматыцы. Мы рыхтуемся да гэтага мерапрыемства”, — паведаміў Грыцэвіч.

„Мы расцэньваем прызнанне Беларусі як пляцоўкі для форуму ў сувязі з тым, што не толькі міжнародныя, але і нашы эксперты і ўладальнікі аграсядзібаў могуць падзяліцца прыкладамі, як яны развілі ў сябе гэты напрамак. Ужо мы становімся сусветна прызнанымі экспертамі”, — адзначыў намеснік дырэктара дэпартамента.

Паводле яго слоў, форум будзе доўжыцца тры дні, пленарнае пасяджэнне адбудзецца ў Менску. Ствараецца сайт форуму для рэгістрацыі ўдзельнікаў, чакаецца прыезд 300-350 чалавек.

Паводле інфармацыі чыноўніка, на 1 студзеня 2020 года ў Беларусі налічвалася 2.760 аграсядзібаў, што на 11,6% больш, чым на 1 студзеня 2019 года, ажыццяўлялі сваю дзейнасць — 2.600 (+ 26%).

У 2019 годзе аграсядзібы наведала 514 тыс. 760 чалавек, што на 20% больш, чым у 2018 годзе, з іх замежных — 60 тыс. (+ 30%) з 78 краін. „Асноўную колькасць складаюць грамадзяне Расіі, але адбываецца дыверсіфікацыя — доля расійскіх грамадзян зніжаецца, да нас прыязджаюць турысты з Бахрэйна, Філіпін, Мазамбіка, Сенегала, Аўстраліі”, — падкрэсліў Грыцэвіч.

Выручка аграсядзібаў у 2019 годзе склала 25 млн рублёў (+27,5%). „Адбываецца таксама кансалідацыя рынку паслуг. Летась адкрыліся два агратурыстычныя кластары ў Гарадзенскай вобласці. Аграэкатурызм уцягваецца і ў туріндустрыю, больш актыўна працуюць сядзібы з турыстычнымі аператарамі, і ўсё больш турыстаў прыязджае адпачываць у іх праз тураператараў”, — адзначыў прадстаўнік ведамства.

belapan.by