Праваабаронцы сустрэліся са спецдакладчыкам ААН па правах чалавека ў Беларусі



Прадстаўнікі вядучых беларускіх праваабарончых арганізацый сустрэліся са спецыяльным дакладчыкам ААН па правах чалавека ў Беларусі Міклашам Харашці. Сустрэча прайшла  ў Вільні, паколькі беларускія ўлады не прызнаюць мандату спецдакладчыка ААН і не даюць яму запрашэння наведаць Беларусь. На сустрэчы таксама прысутнічаў намеснік старшыні Праваабарончага цэнтру «Вясна» Валянцін Стэфановіч.

– Рыхтуецца чарговы даклад спецдакладчыка па Беларусі ў межах яго мандата. У чэрвені будзе адбывацца сесія камісіі па правах чалавека ААН, на якой будзе вырашацца ў тым ліку пытанне працягнення гэтага мандату. І гэта былі кансультацыі, і мы са свайго боку давялі тую апошнюю інфармацыю пра сітуацыю з правамі чалавека, якую, як мы лічым, пажадана адлюстраваць у гэтым дакладзе.

Сёлета Рэспубліка Беларусь павінна прайсці чарговую працэдуру ў рамках Універсальнага перыядычнага агляду. Другі этап праграмы прызначаны на травень. Напярэдадні гэтага агляду беларускія НДА накіравалі альтэрнатыўны даклад у офіс Вярхоўнага камісара па правах чалавека ААН.

9188598_n

Старшыня ПЦ „Вясна” Алесь Бяляцкі і спецдакладчык ААН па правах чалавека ў Беларусі Міклаш Харашці.

Валянціна Лаеўская, Беларускае Радыё Рацыя