У Беларусі скарацілася колькасць выяўленых банкамі падробленых банкнот



У Беларусі па выніках трох кварталаў 2019 года ў параўнанні з аналагічным перыядам 2018 года агульная колькасць выяўленых у банкаўскай сістэме падробленых грашовых знакаў зменшылася на 7,6%, паведамляе Нацыянальны банк.

Колькасць падробленых долараў ЗША знізілася на 26,2%. Колькасць падробленых расейскіх рублёў зменшылася на 8,1%. Падробленыя еўра паказалі прырост колькасці на 73,6%.

Колькасць падробак беларускіх рублёў (узору 2009 і 2000 гадоў) павялічылася амаль удвая, у абсалютным выражэнні на 11 штук.

Па выніках трох кварталаў 2019 года банкаўскімі работнікамі былі выяўленыя 624 падробленыя грашовыя знакі, з якіх 620 — падробленыя банкноты, 4 — падробленыя манеты. Асноўную колькасць выяўленых падробленых грашовых знакаў традыцыйна склалі долары ЗША — 43%. Доля падробленых расійскіх рублёў склала 31,1%, еўра — 20%, беларускіх рублёў — 3,7%, іншых валют — 2,2%.

У Мінску выявілі 46% усіх падробленых грашовых знакаў, у абласцях — у межах 4,8—11,5%. Усяго падробленыя грашовыя знакі былі выключаныя з грашовага абарачэння ў 60 населеных пунктах.

Усе выяўленыя падробленыя беларускія рублі былі вырабленыя без імітацыі элементаў абароны.

Як адзначаюць у Нацбанку, ацэнка выкарыстаных спосабаў узнаўлення малюнкаў падробленых банкнот сведчыць, што больш за 77% долараў ЗША, 80% еўра вырабленыя з выкарыстаннем паліграфічных тэхналогій (у асноўным афсетны друк — больш за 58% долараў ЗША, больш за 79% еўра, а таксама глыбокі друк — больш за 16% долараў ЗША). Для узнаўлення малюнкаў астатніх падробленых банкнот долараў ЗША, еўра, расійскіх рублёў, беларускіх рублёў былі выкарыстаныя тэхналогіі рэпраграфіі — прынтарныя прылады (у асноўным струйны друк, а таксама электрафатаграфія, якой выканана больш за 7,8% долараў ЗША, 1 банкнота наміналам 200 еўра, 8 банкнот наміналам 2.000 расійскіх рублёў, 1 банкнота наміналам 10 беларускіх рублёў).

belapan.by