З 1-га сакавіка больш за палову ІП не зможа працаваць



Першага сакавіка завяршаецца тэрмін распродажу рэшткаў тавараў, увезеных індывідуальнымі прадпрымальнікамі да ліпеня 2014 году ў Беларусь. З гэтага дня ўвесь тавар павінен суправаджацца адпаведнымі дакументамі. Дробныя ІП кажуць, што гэтае патрабаванне для іх – невыканальнае, паколькі ў Расеі, адкуль яны прывозяць тавар, няма магчымасці атрымаць такія дакументы.

Паводле старшыні стваранага прафсаюзу “Разам” Ірыны Яскевіч з Віцебску, калі тэрміны не будуць падоўжаны, для многіх гэта азначае закрыццё бізнесу:

– Больш за палову прадпрымальнікаў не здолее працаваць, таму што ў іх на гандлёвых кропках застаецца ад 40 да 100 працэнтаў тавараў – менавіта рэшткаў. І таму, калі не будзе ніякіх зрухаў, і ніякага валявога рашэння, мы будзем закрывацца. Іншае пытанне, як мы гэта будзем рабіць.

“З аднаго боку, улада не робіць крокаў па ўрэгуляванні сітуацыі, з іншага боку, самі дробныя гандляры не маюць дастаткова ведаў у галіне заканадаўства і абароны сваіх правоў”, – кажа лідар Асацыяцыі малога і сярэдняга прадпрымальніцтва Сяргей Балыкін:

– Заўсёды дробныя гандляры будуць канфліктаваць з падатковымі органамі, таму што і патрабаванні гэтых органаў дастаткова вялікія, і пісьменнасць і адукацыя многіх дробных гандляроў пакідае чакаць лепшага. Так што канфліктныя сітуацыі будуць. Дзяржава шмат робіць дзеля таго, каб такія сітуацыі былі і надалей. Ва ўсялякім выпадку, улада не робіць нічога дзеля таго, каб сітуацыя вырашылася нейкім кампрамісным чынам. 

Напярэдадні ў Гародні адбылася канфліктная сітуацыя на рынку “Паўднёвы”. Як стала вядома, падаткавікі прыйшлі з пазапланавай праверкай. У аднаго з гандляроў хацелі канфіскаваць тавар, аднак інспектары, паводле прадпрымальнікаў, не паказалі адпаведнага прадпісання.

Сёння з’явілася тлумачэнне падатковай, што ў гандляра не было дакументаў на тавар, а прадпісанне было падрыхтаванае падатковай інспекцыяй Ленінскага раёну паводле аператыўных звестак міліцыі.

Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя