Настаўнік Джотта ды іншыя радасці жыцця…



Бадай, заканчваецца самая дзіўная зіма ў гісторыя сучаснасці – зусім і не зіма, мяркуючы па тэмпературным рэжыме… Да таго ж, ідзе высакосны год… па плане.

Мы, беларусы, любім планаваць і амаль не пакідаем месца для экспромта! Вось запланавалі чэмпіянат Еўропы па біятлоне – значыць, ён павінен быць праведзены! Эстонцы адмовіліся – снегу няма, а мы – не, мы не здаёмся. Няма снегу, то міласціну ў прыроды вымольваць не будзем – наробім самі снегу паболей! І не будзем думаць пра тое, колькі нам каштуе імідж спартовай дзяржавы, не будзем думаць, ці прыходзіцца грамадзянам прасіць тую ж міласціну на самае неабходнае… Не будзем па-мяшчанску капейку лічыць, не будзем гаварыць пра сумнае на сыходзе зімы – усе прытаміліся ад благіх навінаў: то шэрань, то крымінал, то каронавірус… Хопіць. У жыцці павінна быць месца калі не для свята (усе зімовыя прамінулі – праўда ж?), то для мастацкай асалоды.

І падчас захапленне мастацтвам прыносіць плён! Можна сказаць, што цяга да прыгажосці мае свае грашовыя дэвідэнты. Палатно «Абсмейванне Хрыста» пэндзля Чымабуэ – настаўніка вядомага італьянскага майстра Джотта – было знойдзена прамінулым летам у доме пажылой жыхаркі французскага горада Камп’ень. Шэдэўр 24 на 20 см сціпла вісеў паміж кухняй і сталовай… Да сустрэчы з аўкцыяністам, які прапанаваў гаспадыні аддаць палатно на ацэнку – зроблена! Пераход ад візантыйскай традыцыі да заходняга стылю ў жывапісе, да ранняга Рэнесансу… Цуды побач! Шэдэўр ХІІІ стагоддзя быў прададзены невядомаму аматару мастацтва з горада Шанціі за 24 мільёны еўра. Невядома, калі і дзе бедны Чымабуэ “ўсплыве” наступным разам і колькі ён “заважыць”. Ці будзе сумаваць па ім былая гаспадыня, ідучы з кухні ў сталовую? Думаецца, яна мае шанец пражыць рэшту жыцця неардынарна.

Не ўсё і не заўжды ідзе па плане, спадарства… Падчас гэта нават добра!

Беларускае Радыё РАЦЫЯ