МНС разгарнула палаткі ў двары менскай інфекцыйнай бальніцы



Міністэрства па надзвычайных сітуацыях разгарнула ў двары Гарадской клінічнай інфекцыйнай бальніцы Менска палаткі.

Як патлумачыла журналістам прэс-сакратарка Міністэрства аховы здароўя Юлія Барадун, гэтае дзеянне „на магчымую перспектыву”. „Санітарна-эпідэміялагічныя нормы абавязваюць нас забяспечваць меры бяспекі асабістага складу. Гэта трэба і для правільнай экіпіроўкі медыцынскага персаналу і пазменнай працы ў выпадку паступлення пацыентаў, у тым ліку ў аддзяленне інтэнсіўнай тэрапіі”, — адзначыла яна.

Пакуль такіх пацыентаў няма, але медыкі павінны быць гатовыя, падкрэсліла Барадун, бо менавіта на іх ляжыць дадатковая адказнасць за дакладнае выкананне супрацьэпідэмічных мерапрыемстваў.

Пра першы выяўлены ў Беларусі выпадак заражэння новым каронавірусам Міністэрства аховы здароўя аб’явіла 28 лютага. Яго носьбіт — студэнт БНТУ з Ірана, які прыбыў у Менск з Баку 22 лютага. Вірус быў выяўлены ў яго 27 лютага, цяпер іранец ізаляваны ў сталічнай інфекцыйнай бальніцы.

З 28 лютага па 15 сакавіка закрыты Беларускі нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт з мэтай недапушчэння магчымага распаўсюджвання каранавіруса. Інтэрнаты некаторых ВНУ закрытыя для наведвання. Усіх аднагрупнікаў студэнта з Ірана змясцілі для абследавання на каронавірус у шпіталь у Бараўлянах.

belapan.by

Фота kp.by