Падпольная жаночая арганізацыя
Думаю пра мяжу паміж таемным і яўным.
Дазволеным і недазволеным.
Калі прыходзіць час распавядаць пра тое, што было таемным?
Ці прыходзіць гэты час наогул?
Праз колькі гадоў?
Ці ўсё з часам можна распавесці?
Ці ёсць веды і ўспаміны, якія лепей не выдаваць ніколі, хаця яны годныя і цікавыя?
“А ўвогуле, столькі вады ўцякло, быццам у іншым жыцці ўсё было”, – кажа сябра часоў студэнцтва пра 80-.ыя гады.
З чэрвеня 1986 года я працавала ў архітэктурна-археалагічным атрадзе “Верхні горад”.
Сябравала з мастачкай з гэтага атраду,
З ёй мы стварылі асветніцкую беларускую арганізацыю для дзяўчат – было нас там 6 чалавек. Дзве мастачкі-керамісткі, дзве мастацтвазнаўцы, гісторык і я.
Дзяліліся ведамі.
Мы збіраліся ў інтэрнатах – на праспекце Машэрава 9 – у мяне ў 548 пакоі, збіраліся ў інтэрнаце Тэатральна-мастацкага. Рыхтавалі лекцыі па беларускай культуры і мастацтву.
Дзяліліся ведамі паміж сабой, каб потым дзяліцца ведамі далей – з іншымі
Я і дагэтуль дзялюся тым, што тады даведалася.
Гэта быў 1986-1987 год.
Арганізацыя не мела назвы – у мэтах канспірацыі.
Яшчэ мы ездзілі ў вандроўкі – “У Беларусь” – у асноўным у Валожынскі раён.
Неяк не ўспрымаю як розныя жыцці тое, што было тады і тое, што цяпер.
Адчуваю пахі, гукі, памятаю словы.