За „Народны рэферэндум” сабралі 90 тысяч подпісаў



Больш за 90 тысяч подпісаў у падтрымку „Народнага рэферэндума” сабралі ініцыятары гэтай кампаніі. Акрамя таго, у Адміністрацыю прэзідэнта накіравалі звыш 500 электронных зваротаў з заклікам правесці рэферэндум па важных для беларускага грамадства пытаннях, сярод якіх – пытанні бясплатнай адукацыі і медыцыны, абмежавання колькасці тэрмінаў на прэзідэнцкай пасадзе, бязвізавы рэжым з Еўразвязам ды іншыя.

Як кажа старшыня Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі „Грамада” Ірына Вештард, самае галоўнае, што кампанія дае магчымасць дыялогу з людзьмі:

– Гэта магчымасць пераконваць тых, хто яшчэ не пераканаўся, што неабходныя перамены, магчымасць пашыраць кола нашых прыхільнікаў. На дварэ – хутка новая прэзідэнцкая кампанія. Таму кампанія „Народны рэферэнду” – гэта і магчымасць мець новых чальцоў у складзе ініцыятыўных групаў, новых асобаў, якія будуць дапамагаць нам у правядзенні выбарчай кампаніі. Урэшце, гэта і магчымыя новыя галасы ў капілцы прагаласаваўшых за новага кандыдата ў прэзідэнты. Так, згодна, што лічаць дрэнна. Але тым не менш, калі аднойчы гэты вынік на ўзроўні дзяржавы дасягне 70-80%, то нішто і ніхто тады не дапаможа здзейсніць фальсіфікацыю.

Ініцыятарамі „Народнага рэферэндума”, акрамя партыі БСДП (Грамада), з’яўляюцца кампанія „Гавары праўду”, Партыі БНФ і Рух „За Свабоду”. Яны заклікаюць Аляксандра Лукашэнку прыслухацца да тых, хто падпісаўся „за” рэферэндум, і прызначыць яго правядзенне разам з прэзідэнцкімі выбарамі.

Беларускае Радыё Рацыя