У Беларусі пацверджаны 3 выпадкі захворвання на каронавірус



У Беларусі пацверджаныя тры выпадкі захворвання на каронавірус, паведаміла намеснік міністра аховы здароўя, галоўны санітарны ўрач Наталля Жукава на прэс-канферэнцыі ў Менску 2 сакавіка.

Паводле яе слоў, праведзеныя тэсты маюць „высокую ступень дакладнасці”, медыкі ўпэўненыя ў выніках працы беларускіх лабараторый. Тым не менш тэсты будуць пераправяраць у лабараторыі Сусветнай арганізацыі аховы здароўя.

Начальнік галоўнага ўпраўлення арганізацыі медыцынскай дапамогі і экспертызы Міністэрства аховы здароўя Алена Богдан падкрэсліла, што гэтыя тры выпадкі выяўленыя „ў выніку прыняцця прэвентыўных мер”. Два пацыенты знаходзяцца ў Менску, яшчэ адзін (жанчына) — у Віцебску. На просьбу распавесці пра гэтых людзей Богдан заявіла, што лекары не могуць без згоды пацыентаў выдаваць такія звесткі.

Пра першы выяўлены ў Беларусі выпадак заражэння новым каронавірусам Міністэрства аховы здароўя аб`явіла 28 лютага. Студэнт БНТУ, які заразіўся, з Ірана. Ён прыбыў у Менск з Баку 22 лютага. Вірус быў выяўлены ў яго 27 лютага, цяпер іранец ізаляваны ў сталічнай інфекцыйнай бальніцы. Таксама там знаходзіцца дзяўчына студэнта, яе бацькі і стрыечная сястра.

belapan.by

* * * 

У Віцебску шпіталізаваны 26 чалавек, якія кантактавалі з работніцай футравага камбіната, у якой падазрэнне на каронавірус. Усе яны знаходзяцца ў абласной клінічнай інфекцыйнай бальніцы. Пра гэта TUT.BY паведаміў начальнік камітэта аховы здароўя Віцебскага аблвыканкама Юрый Дзяркач.

Жанчына праходзіць паглыбленае абследаванне, на гэты момант дакладнага дыягназу яшчэ няма. Яна работніца Віцебскага футравага камбінату, які ўваходзіць у холдынг “Марка”. Нядаўна жанчына была ў Італіі ў службовай камандзіроўцы.

На камбінаце каранціна няма.

Фота sb.by