Гарачая тэлефонная лінія па пытаннях каронавіруса ў Беларусі
Гарачая тэлефонная лінія па пытаннях каронавіруснай інфекцыі адкрыта для жыхароў Менска. Такую інфармацыю размясціў на сваім сайце камітэт па ахове здароўя Менгарвыканкама.
Штодзень, акрамя суботы, нядзелі і святочных дзён, жыхары сталіцы могуць звяртацца з хвалюючымі іх пытаннямі па тэме абароны ад каронавіруснай інфекцыі і процідзеяння яе распаўсюджванню. Нумар тэлефона гарачай лініі: +375-17-334-34-68.
Як паведамлялася раней, у Беларусі зарэгістраваны тры выпадкі каронавіруса з высокай ступенню дакладнасці. У тым ліку два пацыенты знаходзяцца ў Менску.
У Менскім гарадскім цэнтры гігіены і эпідэміялогіі нагадалі, што перадача каронавіруснай інфекцыі адбываецца паветрана-кропельным шляхам пры чханні і кашлі ад аднаго чалавека да другога, а таксама праз кантакт з аб’ектамі, на якія трапілі часцінкі віруса. Таму лепшая мера прафілактыкі – выкананне правіл асабістай гігіены. Трэба старанна мыць рукі з мылам або апрацоўваць антысептычным сродкам і не дакранацца нямытымі рукамі да носа, рота і вачэй. Старайцеся пазбягаць цеснага кантакту (менш за 1 метр) з хворымі людзьмі, у якіх кашаль або высокая тэмпература. Пры кашлі або чханні прыкрывайце нос і рот аднаразовай сурвэткай або сагнутым локцем з далейшым абавязковым мыццём рук. Устрымлівайцеся ад наведвання месцаў з вялікай колькасцю людзей.
Сімптомы захворвання – павышэнне тэмпературы цела, кашаль (сухі або з невялікай колькасцю макроты), адчуванне сціскання ў грудной клетцы, задышка, мышачны і галаўны боль. «Пры зʼяўленні такіх сімптомаў на працягу 14 дзён пасля вяртання з краіны, дзе рэгіструюцца выпадкі каронавіруснай інфекцыі COVID-19 (Кітай, Рэспубліка Карэя, Японія, Італія, Сінгапур, Іран і інш.) неабходна: застацца дома, выклікаць брыгаду хуткай медыцынскай дапамогі, пры гэтым інфармаваць медыцынскі персанал аб краінах знаходжання і даце вяртання», – раіць санэпідслужба сталіцы.