Ігар Ляшэнка вызвалены ад пасады намесніка прэм’ер-міністра



Ігар Ляшэнка вызвалены ад пасады намесніка прэм’ер-міністра Беларусі ў сувязі з пераходам на іншую працу. Адпаведны ўказ сёння падпісаў Аляксандр Лукашэнка, паведамляе прэс-служба кіраўніка Беларусі.

Ва ўрадзе Ляшэнка курыраваў пытанні нафтагазавага комплексу. Указ пра яго вызваленне ад пасады супаў з нарадай па пытаннях забеспячэння эфектыўнай работы нафтаперапрацоўчага комплексу краіны, якую 3 сакавіка праводзіць Лукашэнка. Новым віцэ-прэм’ерам прызначаны Юрый Назараў, які да цяперашняга моманту ўзначальваў канцэрн „Беллеспаперапрам”. Пра новае месца працы Ляшэнкі пакуль не паведамляецца.

Ігар Ляшэнка нарадзіўся ў 1974 годзе ў горадзе Ачамчыра Абхазскай АССР. У 1996 годзе скончыў Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт.

Працаваў падатковым інспектарам у Гомелі, інжынерам і начальнікам планава-эканамічнага аддзела Гомельскага хімічнага завода, які затым узначаліў.

У 2013—2014 гадах — першы намеснік старшыні канцэрна „Белнафтахім”, 2014—2018 гадах — старшыня канцэрна „Белнафтахім”. Намеснікам прэм’ер-міністра працаваў з 2018 года.

belapan.by