Аляксандр Мілінкевіч: Апазіцыя павінна паказаць, што ўмее быць адказнай і аб’яднанай
Беларускі палітык Аляксандр Мілінкевіч падзяляе асцярогі наконт сённяшняга становішча Беларусі. Аляксандр Мілінкевіч пагаджаецца з прагнозамі экспертаў, што Беларусь можа быць наступнай у чарзе на мілітарную агрэсію Расеі.
– Я думаю, што гэта і ўлада разумее, хаця мусіць такую разнастайную рыторыку выкарыстоўваць. Бо калі абараняць незалежнасць, то ўлада найперш абараняе сваю ўладу, але адначасова яна абараняе і незалежнасць. І калі абараняць незалежнасць, то без Захаду, без падтрымкі Еўропы і Злучаных Штатаў, я не думаю, што ім гэта ўдасца.
Акрамя таго, былы кандыдат у прэзідэнты Беларусі выказаўся супраць байкоту наступных прэзідэнцкіх выбараў.
– Байкот у нашым выкананні, гэта проста сядзець на канапе і нічога не рабіць. Сапраўдны байкот – гэта пераканаць усё грамадства, што няварта галасаваць і чаму не варта. Такіх магчымасцяў няма. Людзі чаго чакаюць, людзі хочуць пераменаў, яны чакаюць, што будзе альтэрнатыва, а калі мы не пайшлі на выбары і не паказалі, што ёсць хаця б маральная альтэрнатыва, інтэлектуальная, то значыць безнадзейная сітуацыя і зноў трэба галасаваць за тых самых.
На думку Аляксандра Мілінкевіча, у сённяшняй сітуацыі трэба быць асабліва чуйнымі і ўладзе, і апазіцыі, якая павінна паказаць, што ўмее быць адказнай і аб’яднанай.
Кася Бергель, Беларускае Радыё Рацыя