У 2019 годзе расейскія інвестыцыі ў Беларусь скараціліся амаль удвая



У 2019 годзе Расея — асноўны гандлёва-эканамічны партнёр Беларусі — скараціла аб’ём інвестыцый у беларускую эканоміку амаль удвая ў параўнанні з папярэднім годам.

Паводле дадзеных афіцыйнай статыстыкі, у 2019 годзе ў Беларусь у выглядзе прамых замежных інвестыцый (на чыстай аснове) паступіла ў агульнай складанасці 1,33 млрд долараў. Гэта на 307,7 млн долараў (на 18,8% менш) у параўнанні з 2018 годам.

Пры гэтым, калі з краін па-за СНД аб’ём замежных інвестыцый у Беларусь павялічыўся з 670,3 да 734,3 млн долараў, то з краін СНД — скараціўся з 535 млн да 287,5 млн долараў.

Рэзкае скарачэнне інвестыцый з краін постсавецкай прасторы абумоўлена тым, што расейскія кампаніі знізілі свае капіталаўкладанні ў Беларусь. У выніку аб’ём інвестыцый (на чыстай аснове, без уліку запазычанасці прамому інвестару за тавары, работы і паслугі) у Беларусь паменшыўся з 502,5 млн долараў у 2018 годзе да 263,6 млн долараў у 2019-м — амаль удвая.

Варта адзначыць, што значны аб’ём прамых замежных інвестыцый у Беларусь традыцыйна прыпадае на рэінвеставаны прыбытак (даход замежных акцыянераў беларускіх кампаній, які яны не выводзяць з рэспублікі).

Між тым, выступаючы летам мінулага года на VI Форуме рэгіёнаў Беларусі і Расеі, Міхаіл Мясніковіч — на той момант старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу — паскардзіўся, што расейскія кампаніі сталі актыўна выводзіць з Беларусі зароблены прыбытак. „Мы, у Беларусі, ствараем камфортныя ўмовы для працы расійскіх кампаній. Але нас турбуе тое, што кампаніі з расейскім капіталам, якія з’яўляюцца рэзідэнтамі Рэспублікі Беларусь, выводзяць з нашай краіны зароблены ў нас прыбытак замест таго, каб яго ў асноўным рэінвеставаць”, — сказаў Мясніковіч.

Ён звярнуў увагу, што ў 2018 годзе расейскія інвестары вывелі з Беларусі 50% заробленага прыбытку, а ў 2019-м гэта лічба павялічылася да 75%. „У прынцыпе, гэта не супярэчыць беларускаму заканадаўству і міжнароднаму праву. Але хочам папрасіць расейскіх партнёраў не ставіць галоўнай мэтай вывядзенне сродкаў з Беларусі, а рэінвеставаць прыбытак”, — падкрэсліваў Мясніковіч.

belapan.by