У Беларусі абмежавалі наведванне бальніц роднымі пацыентаў
У Беларусі абмежавалі наведванне пацыентаў у шпіталях. Як доўга працягнецца абмежаванне, будзе залежаць ад узроўню захворвання ВРЗ.
У Камітэце па ахове здароўя Менгарвыканкама пацвярджаюць, што ў бальніцах Менска з 2 сакавіка ўвялі абмежаванне на наведванні сваякамі пацыентаў. Начальнік аддзела спецыялізаванай медыцынскай дапамогі камітэта Ірына Дрозд распавядае, што выйшаў загад аб узмацненні мер па прафілактыцы вострых рэспіраторных захворванняў у рамках эпідэміялагічнага ўздыму.
— Гэта трэба, каб прадухіліць перакрыжаванае заражэнне, — тлумачыць спецыяліст, для чаго ўвялі такія абмежаванні. — Інфекцыя распаўсюджваецца паветрана-кропельным шляхам, а ў пацыентаў, якія ляжаць у бальніцах, аслаблены імунітэт, і яны больш схільныя да паразы віруснымі інфекцыямі.
Калі абмежаванне на наведванні здымуць, пакуль незразумела. Гэта будзе залежаць ад узроўню захворвання ВРЗ.
— На шчасце, высокага захворвання на грып у Менску два апошнія гады не было, але да гэтага кожны год падчас уздыму захворвання на ВРВІ, мы прымалі такі загад. Захворванне ідзе на спад — і загад адмяняецца, — распавядае яна.
Калі ў пацыента не цяжкі стан, то ён, па словах Ірыны Дрозд, зможа спусціцца ў хол бальніцы і сустрэцца з роднымі.
Дзіяна Пратасевіч, намеснік галоўнага ўрача па медыцынскай экспертызе і рэабілітацыі 10-й гарадской клінічнай бальніцы, патлумачыла, што ў клініцы застаецца магчымасць нешта пацыентам перадаць. Гэта можна зрабіць праз стол даведак у цэнтральным холе бальніцы ў любы час, акрамя ціхай гадзіны, а яна доўжыцца з 15.00 па 17.00.
— Таксама сваякі могуць звярнуцца да загадчыка аддзялення, каб ён выдаў пропуск на наведванне. Ці выдадуць пропуск, залежыць ад стану здароўя пацыента. Калі ён мае патрэбу ў дапамозе, калі гэта анкалагічнае захворванне, то родным дазволяць наведваць такіх пацыентаў.
Прэс-сакратар Міністэрства аховы здароўя Юлія Барадун патлумачыла, што з-за далейшага перыяду сезоннага ўздыму вострых рэспіраторных інфекцый наведванне хворых сваякамі абмежавана ва ўсіх установах аховы здароўя Беларусі.
Паводле tut.by