Працягваецца прыём матэрыялаў на конкурс “Вольнае слова”
Беларуская асацыяцыя журналістаў запрашае сябраў арганізацыі далучацца да штогадовага конкурсу «Вольнае слова», заяўкі на які яшчэ прымаюцца да 31 сакавіка. Конкурс ладзіцца з мэтай удасканалення прафесійнага майстэрства супрацоўнікаў медыя, стымулявання іх дзейнасці ў адстойванні прынцыпаў прафесійнай журналістыкі і свабоды слова. Пра іншыя мэты «Вольнага слова» – расказвае намеснік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Барыс Гарэцкі:
– Наш конкурс – гэта конкурс свабоднай журналістыкі. Тут няма цэнзуры. Наадварот, чым больш кранальны, чым больш востры, актуальны матэрыял, тым больш ён мае шанцаў на перамогу. Конкурс – добрая нагода паказаць наколькі добра незалежныя журналісты недзяржаўных медыя могуць разбірацца ў тых ці іншых пытаннях, праблемах, выкліках, раскрываць для грамадства, паказваць гэтыя праблемы. Мэта конкурсу – паказаць якасць недзяржаўнай прэсы.
У конкурсе «Вольнае слова» 5 намінацый. Вынікі творчага конкурсу ў пералічаных намінацыях шляхам тайнага галасавання падвядзе журы з ліку вядомых беларускіх журналістаў.
Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя