Мінабароны абмеркавала з паслом Расеі перспектывы супрацоўніцтва



У Міністэрстве абароны Беларусі 3 сакавіка адбылася сустрэча кіраўніка ваеннага ведамства генерал-маёра Віктара Хрэніна з паслом Расеі Дзмітрыем Мезенцавым.

Як паведамляе прэс-служба Мінабароны, «бакі прааналізавалі наяўны стан супрацоўніцтва, абмеркавалі перспектыўныя кірункі ўзаемадзеяння».

Асноўная ўвага была нададзеная пытанням падрыхтоўкі і правядзення сумесных мерапрыемстваў у 2020 годзе: IX Маскоўскай канферэнцыі па міжнароднай бяспекі; Армейскіх міжнародных гульняў; 6-га Міжнароднага ваенна-тэхнічнага форуму «Армія-2020»; сумеснага пасяджэння калегій міністэрстваў абароны Беларусі і Расеі.

Абмеркаваная таксама падрыхтоўка сумесных мерапрыемстваў, прысвечаных святкаванню перамогі ў Другой сусветнай вайне.

Хрэнін адзначыў, што супрацоўніцтва ў ваеннай сферы паміж Беларуссю і Расеяй «мае стратэгічны характар, з’яўляецца неадʼемнай часткай усяго спектра двухбаковых і шматбаковых адносін, а таксама іграе важную ролю ў сістэме арганізацыі ваеннай бяспекі Беларусі».

Суразмоўцы пацвердзілі «гатовасць да далейшага ўзаемадзеяння ў галінах, якія ўяўляюць узаемную цікавасць», паведамляе абароннае ведамства.

БелаПАН