Фальшывыя ахвяры



Чалавецтва не можа ўладкаваць жыццё, каб не кідацца ў скрайнасці. Многія стагоддзі еўрапейскія народы жылі ў патрыярхальным грамадстве з выразнай дамінацыяй мужчын. За дваццатае стагоддзе традыцыйны ўклад жыцця змяніўся кардынальна, а новае, дваццаць першае, прынесла новыя паняткі, разуменні і выклікі. Цяпер нават цяжка ўсвядоміць, што, прыкладам, у Швайцарыі жанчыны атрымалі выбарчае права толькі ў 1971 годзе, а ў канстытуцыйнай манархіі Ліхтэнштайн яшчэ пазней – ажно ў 1984 годзе. Маладыя людзі могуць нават не паверыць гэтым фактам. Жанчыны даўно ўвайшлі ў вялікі бізнес, сусветную палітыку, амаль усе прафесіі. Іх прысутнасць ва ўсіх сферах грамадства – ад урадаў і парламентаў – да навукі і літаратуры, даўно не выклікае здзіўлення і стала паўсядзённай звыкласцю і нормай. Нават у більярдным снукеры палова арбітраў – гэта жанчыны-рэферы.

Але з некаторага часу, цяжка зараз знайсці нейкі канкрэтны пункт адліку, знайшліся ідэолагі, якія стварылі штучную гендарную тэорыю, што становіцца дамінантнай у развітых еўрапейскіх і заакіянскіх грамадствах. Асноўны яе стрыжань – гэта тое, што жанчыны ўсяляк падвяргаюцца дыскрымінацыі і гэта трэба выпраўляць. І нават там, дзе дэмакратыя ўжо забяспечыла жанчынам усе правы, абсалютна роўныя мужчынскім, “гендарная паліцыя” знойдзе праблемы. Напрыдумлялі і розных тэрмінаў, якія па-сутнасці высмактаныя з пальца – “сэксізм”, “харасмэнт” і таму падобнае. Цяпер на тэму адносін паміж мужчынамі і жанчынамі нават нельга расказваць анекдоты, незалежна ад іх зместу. На цябе адразу навешаюць ярлык і звінавацяць у сэксізме. Мужчыны не маюць ужо права на заляцанні, кампліменты, віншаванні, праяву знакаў увагі да жанчын – усё гэта можа быць расцэнена і часта расцэньваецца як гвалтоўнае дамагальніцтва.  

У цяперашнім заходнім грамадстве – маю на ўвазе еўрапейскую супольнасць, а таксама ЗША і Канаду, хутка найбольшай дыскрымінацыі будуць падвяргацца менавіта мужчыны-традыцыяналісты з “няправільным” мысленнем у гендарным пытанні. Для праваабаронцаў гэта стварае новыя выклікі, паколькі механізмаў абароны сваёй прыроды і тоеснасці ў мужчын застаецца ўсё менш. Мяркуючы па ўсім, судовая сістэма таксама эвалюцыянавала і кіруецца не столькі законам, колькі фальшывай паліткарэктнасцю. Па-сутнасці, неўзабаве для абвінавачвання і асуджэння будзе дастаткова толькі заявы псеўдапацярпелых. Для дыскрэдытацыі і кампраметацыі гэтага ўжо дастаткова.

Вельмі хутка гэтая мода выкрывання дамагальніцтва і вышуквання сэксізму прыйшла і да нас. Не так даўно адна гендарная актывістка з Беларусі (прозвішча не памятаю, ды гэта і ня важна) ужо зладзіла сапраўдны алярм у сацсетцы, публічна напісаўшы, як на супольнай кватэрнай вечарынцы, дзе прысутнічала больш 10 (!) чалавек, яе дамагаўся іншы грамадскі актывіст. Той нібыта ўзяў “ахвяру” за калена. У каментарах пайшлі словы захаплення “пацярпелай”, яе мужнасцю і публічнай адвагай. Усчалася “дыскусія”, у якой з боку абаронцаў жаночай некранальнасці на апанентаў вылілася столькі бруду і знявагаў, што не перадаць. Скажу толькі, што такіх мацюкоў, якія ўжывалі ярыя феміністкі, я не чуў нават у савецкім войску. Думаю, што дзеянні таго небаракі, які на вечарынцы ўзяўся не за тое калена, выглядалі куды нявінней, чым рэакцыя радыкальных феміністак. Цікава, што якраз у той час іншая жанчына, грамадская актывістка, знаходзілася ў жудасных умовах зняволення за акцыю супраць расейскай экспансіі, але ёй яны спачування неяк ніяк не выказвалі.

Мэты жанчын, нібыта пацярпелых ад мужчынскага дамагальніцтва, розныя. Адны проста хочуць урваць грошай ад заможных былых палюбоўнікаў, іншыя праз гады пераканалі самы сябе, што ўсё было зусім не па згодзе і хочуць адпомсціць за ўяўны гвалт, трэція шукаюць сабе такога роду рэкламы, кажучы цяперашняй мовай, імкнуцца “хайпануць”.

А больш за ўсё шкада тых жанчын, якія сапраўды пацярпелі ад сэксуальнага гвалту. Ніхто ж не кажа, што такой праблемы няма. Мярзотнікі і нягоднікі, якія выкарыстоўваюць сваё службовае ці сацыяльнае становішча, на гэтым свеце не перавяліся. Толькі за шматлікімі скандальнымі і фальшывымі ахвярамі, насамрэч пацярпелым жанчынам зараз многія проста не будуць верыць. 

Уладзімір Хільмановіч

 

Беларускае Радыё РАЦЫЯ