Апошні суд “за незалежнасць” у Полацку прайшоў на беларускай мове



На 15 базавых велічынь (405 рублёў) аштрафавалі сябра КХП БНФ Міколу Шараха.

Ён і яшчэ каля дзясятка чалавек склалі слова “Незалежнасць” з раздрукаваных літар, прыйшоўшы 4-га студзеня на экскурсію да Сафійскага сабора. Суддзя Уладзімір Бясецкі з уласнай ініцыятывы вёў працэс на беларускай мове, а перад тым давялося змусіць міліцыянтаў скласці пратакол па-беларуску, кажа Мікола Шарах:

– Міліцыянт да мяне прыехаў дадому і прывёз усе паперы на расейскай. Я сказаў, што не згодны, што ў нас дзве дзяржаўныя мовы. Міліцыянт сказаў, што беларускую ведае таксама, але тады давядзецца паехаць у райаддзел. Я паехаў, і там яны ўсім аддзелам перакладалі… Але, відаць, аднаго ўрока было мала – пратакол склалі з памылкамі, напісаўшы яго на беларускай мове.

З памылкамі было напісана нават імя Міколы Шараха. У судзе ён запатрабаваў, каб дакументы былі накіраваны на пераробку, аднак суддзя адмовіў. Маёр Перапечкін перапісваў пратакол проста ў судовай залі. 

Высветлілася і яшчэ адна акалічнасць: міліцыянт заявіў, што да слова “Незалежнасць” у яго прэтэнзій няма, і складанне яго з асобных літар не з’яўляецца правапарушэннем. Аднак на адным са здымкаў у Інтэрнэце міліцыянт разгледзеў плакат “Лукашэнка, сыходзь!”, які трымаў адзін з удзельнікаў акцыі. На іншых здымках ніякіх плакатаў ужо не было, людзі фатаграфаваліся з літарамі ў розных месцах і нават у розным складзе. Але 10 чалавек прызналі ўдзельнікамі несанкцыянаванай акцыі і аштрафавалі агулам на 3 321 рубель. Некалькіх чалавек так і не ўдалося  прыцягнуць да суду, бо пакуль іх шукалі, скончыўся  тэрмін, прадугледжаны заканадаўствам для пакарання вінаватых паводле артыкула 23.34 КоАП.

Ганна Ліпка, Беларускае Радыё Рацыя