У Бярозе адбыўся выбух
У прыватным сектары Бярозы ў Берасцейскім накірунку прагрымеў выбух. Людзі падумалі, што ўзарваўся газ. Праз некалькі хвілін пасля выбуху вуліца была перакрытая міліцыяй. Па неправераных дадзеных, узарваўся снарад пры распіле. Пацярпеў мужчына 44 гадоў. Будынкі ацалелі.
Па словах суседзяў, снарад быў не адзін, таму ўсіх прымусілі разысціся, кажуць людзі:
– Такі быў выбух, такі выбух!
– Пачалі ехаць пажарныя, перакрылі ўсё тут, усе скрыжаванні.
– Сказалі сыходзьце, бо там снарады.
– У лякарню завезлі адразу, кажуць лужына крыві там была. Аднаму адарвала руку.
Сябра праваабарончага цэнтра «Вясна» Сяржук Русецкі, лічыць, што боепрыпасы ўсё ж такі трэба было здаць у міліцыю ці ваенкамат. Але ёсць і зваротны бок гэтай справы, кажа Русецкі:
– Паколькі, відаць, эканамічны стан не самы лепшы, і шматлікія, не маючы працы, спрабуюць зарабіць хоць на чым, то не кожны такі заробак ёсць бяспечным і не ёсць нейкім правапарушэннем.
Паводле звестак з Бярозаўскай раённай лякарні, пацярпелы мужчына шпіталізаваны і накіраваны ў Берасце. Следчыя вядуць праверку.
Беларускае Радыё Рацыя