У Беларусі пад кантролем знаходзяцца 14,5 тысячы чалавек



З пачатку ўспышкі каронавіруснай інфекцыі COVID-19 у Беларусі пад медыцынскім кантролем знаходзяцца 14,5 тысячы чалавек. Гэта тыя, хто нядаўна прыбыў з эпідэмічна неспрыяльных па каронавірусе краін або кантактаваў з імі, паведаміла галоўны санітарны лекар Беларусі Наталля Жукава 4 сакавіка на брыфінгу, які арганізаваны для прадстаўнікоў замежных дыпмісій, акрэдытаваных у Менску.

Паводле слоў Жукавай, у двух кантактных цэнтрах – санаторыі «Брыганціна» і рэабілітацыйным цэнтры «Загор’е» – двухтыднёвы каранцін прайшлі ўжо каля 300 студэнтаў з Кітая, Італіі і Ірана.

Сёння ў Беларусі пацверджаныя шэсць выпадкаў COVID-19, адзначыла Жукава. «Усе інфікаваныя знаходзяцца ў здавальняючым стане, цячэнне захворвання ў іх практычна бессімптомнае. Гэтыя выпадкі яшчэ раз пацвярджаюць, што дзеянні Міністэрства аховы здароўя маюць пазітыўны характар, паколькі ўсе інфікаваныя былі абследаваны і ізаляваны яшчэ да праяўлення захворвання», – заявіла галоўны санітарны лекар.

Прынятыя меры дазваляюць мінімізаваць распаўсюджванне інфекцыі, падкрэсліла Жукава.

«Сямʼя, з якой кантактаваў студэнт, была шпіталізавана адразу пасля атрымання ў яго станоўчага аналізу. Такім чынам, гэтыя тры чалавекі не змаглі распаўсюдзіць інфекцыю па месцы працы і месцы жыхарства. У аднаго з траіх дыягназ пацвердзіўся ў наступныя пасля шпіталізацыі суткі, а яшчэ ў дваіх – у наступныя дні. Другая група заражаных знаходзіцца ў лякарні ў Віцебску. Гэта жанчына, якая прыбыла з Мілана, і яе кантакт», – дадала намеснік міністра.

Пры гэтым яна заявіла, што ў краіне няма падстаў для ўвядзення абмежавальных мер у выглядзе закрыцця межаў і адмены масавых мерапрыемстваў. «Магчыма, будзем разглядаць у індывідуальным парадку абмежаванні нейкіх выставачных мерапрыемстваў», – сказала яна.

Школы і ВНУ Беларусі, акрамя Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта, працуюць у звычайным парадку, працягнула Жукава. Практычна 85% студэнтаў, якія знаходзяцца пад наглядам у шпіталі ў Бараўлянах, ужо абследаваны. «Усе ў цэлым здаровыя, а калі не, то гэта звязана з сезонным уздымам рэспіраторных захворванняў», – падсумавала галоўны санітарны лекар.

Намеснік кіраўніка Міністэрства замежных спраў Беларусі Андрэй Дапкюнас паведаміў, што ў МЗС створана рабочая група па прадухіленні распаўсюджвання каронавіруса з ім на чале. Таксама створана каардынацыйная група, якая ў кругласутачным рэжыме падтрымлівае сувязь з дыпламатычнымі місіямі, якія знаходзяцца ў Беларусі. Паводле слоў Дапкюнаса, гэта зроблена для аказання неабходнай інфармацыйнай і дыпламатычнай падтрымкі пасольствам.

Аб першым выпадку выяўлення каронавіруса COVID-19 Міністэрства аховы здароўя абʼявіла 28 лютага. Інфекцыю выявілі ў іранскага студэнта, які вучыцца ў БНТУ. Было прынята рашэнне з 28 лютага па 15 сакавіка перавесці студэнтаў універсітэта на індывідуальнае навучанне. Найбліжэйшае асяроддзе іранца, а таксама яго аднагрупнікаў, якія маюць прыкметы рэспіраторнай інфекцыі, шпіталізавалі і ўзялі ў іх аналізы.

БелаПАН

Фото: pixabay.com