Адроджаныя туры – рахманыя да чалавека і небяспечныя да ваўкоў



Пры дапамозе Праграмы развіцця ААН у Беларусь завезлі 15 быкоў і кароў пароды Хека, каб аднавіць біяразнастайнасць пойменных лугоў на Палессі.

Парода адноўленая галандскімі селекцыянерамі, да нас жывёлы прыехалі з Латвіі. Навукоўцы падкрэсліваюць, што называць гэтых жывёл турамі – не зусім карэктна, больш правільна – турападобная парода жывёл. Але дзеля спрашчэння турападобных жывёл ужо паўсюль называюць турамі.

Плануецца, што наяўнасць тураў прывабіць дадатковых турыстаў на Палессе, але ці не будуць жывёлы небяспечнымі для людзей, бо старажытны тур вядомы па летапісах як надзвычай агрэсіўная істота? Адказвае кіраўнік праекта ПРААН-ГЭФ «Вэтландс» Аляксей Арцюшэўскі:

– Што тычыцца ўзаемадзеянняў з людзьмі, мы і ў Галандыі пыталіся, і ў латышоў, – няма фактараў праяўлення агрэсіўнасці да людзей. У галандцаў больш за 40 год узаемадзеяння, у іх наўпрост экасцежка праходзіць праз участак, на якіх утрымліваецца турападобная жывёла ў дастаткова вялікай колькасці. Людзі ездзяць там на роварах, з сабакамі. І вопыт паказвае, што выпадкаў відавочнай агрэсіі не было.

Кіраўнік аддзела паляўнічай гаспадаркі Мінлясгасу Аляксандр Казарэз кажа, што генетычная памяць турападобных жывёл не дасць ім стаць ахвярамі драпежнікаў:

– У іх ёсць страх перад чалавекам, але перад прадстаўнікамі сабачых у іх, відаць, існуе генетычная памяць, яны актыўна абараняюцца. Ваўкі наведваюць гэтую тэрыторыю, але туры ставяцца да іх насцярожана ў значнай ступені. І такога масавага знішчэння, як скажам было б з хатнімі каровамі, такога няма.

Галоўная ж мэта засялення турападобнымі жывёламі поймы Прыпяці – супрацьдзеянне зарастанню поймы Прыпяці. Справа ў тым, што жыхары вёсак перасталі трымаць кароў, таму «зачысткай» лугоў зараз зоймуцца вось гэтыя так бы мовіць нашчадкі старажытных тураў.

Сяргей Залескі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота Сяргея Залескага і Сяргея Плыткевіча для ПРААН у Беларусі