БДІПЧ выдала 32 рэкамендацыі па ўдасканаленні выбарчага працэсу ў Беларусі



Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе (БДІПЧ АБСЕ) 4 сакавіка апублікавала фінальную справаздачу паводле вынікаў назірання за парламенцкімі выбарамі ў Беларусі ў лістападзе 2019 года.

У выніковай частцы справаздачы, размешчанай на сайце АБСЕ, гаворыцца, што Выбарчы кодэкс Беларусі „мае шматлікія прагалы і супярэчнасці”. „Нядаўнімі папраўкамі да законаў аб масавых мерапрыемствах і сродках масавай інфармацыі ўведзеныя новыя палажэнні аб публічных сходах і сеткавых СМІ, але пакінутыя без увагі з`явы ў сферы аховы асноўных свабод, які выклікаюць неспакой, — адзначана ў дакуменце. — У некаторых выпадках неадназначныя прававыя палажэнні тлумачыліся і прымяняліся для таго, каб абмежаваць удзел кандыдатаў ад апазіцыі”.

„Шэраг ключавых рэкамендацый БДІПЧ і Венецыянскай камісіі Савета Еўропы застаюцца нявыкананымі, у тым ліку ў частцы незбалансаванага складу выбарчых камісій, абмежаванняў правоў выбаршчыкаў і кандыдатаў, недастатковасці мер перасцярогі пры галасаванні і падліку галасоў, абмежаванняў правоў назіральнікаў. У цэлым прававыя межы не гарантуюць належным чынам правядзенне выбараў у адпаведнасці з патрабаваннямі АБСЕ і іншымі міжнароднымі стандартамі і абавязацельствамі, якія ляжаць у аснове неабходнасці комплексных і ўсёабдымных змен”.

У дакуменце ўтрымліваюцца 32 рэкамендацыі па ўдасканаленні выбарчага працэсу ў краіне. Іх выкананне, як лічаць аўтары справаздачы, дапаможа прывесці працэдуру выбараў „у поўную адпаведнасць з патрабаваннямі АБСЕ і іншымі міжнароднымі абавязацельствамі і стандартамі дэмакратычных выбараў”.

Дзевяць рэкамендацый адзначаныя як тыя, што патрабуюць выканання ў першую чаргу.

Прававая база, на аснове якой праводзяцца выбары ў Беларусі, павінна быць „усебакова перагледжаная з улікам папярэдніх рэкамендацый БДІПЧ і Венецыянскай камісіі”, у тым ліку ў плане фармавання складаў выбарчых камісій, правоў кандыдатаў, назіральнікаў і гарантый галасавання, падліку галасоў і падвядзення вынікаў выбараў. „Закон павінен тлумачыцца і прымяняцца так, каб былі забяспечаныя роўныя ўмовы для ўсіх удзельнікаў, сапраўдная канкурэнцыі, свабоднае волевыяўленне выбаршчыкаў і цэласнасць выбарчага працэсу”, — гаворыцца ў дакуменце.

Беларускія ўлады „павінны прывесці заканадаўства, якое рэгулюе свабоду асацыяцый, сходаў і выказвання меркаванняў, у адпаведнасць з міжнароднымі стандартамі”. Любыя абмежаванні асноўных свабод „павінны быць толькі ў парадку выключэння і ўводзіцца толькі ў выпадку неабходнасці, быць сувымернымі законным мэтам”.

Улады таксама павінны „забяспечыць правы асобных асоб і груп ствараць без неапраўданых абмежаванняў свае ўласныя палітычныя партыі ці палітычныя арганізацыі, даваць ім неабходныя юрыдычныя гарантыі для канкурэнцыі адзін з адным на роўнай аснове”.

Для павышэння адкрытасці і празрыстасці ў Выбарчым кодэксе неабходна прадугледжваць „выразныя і разумныя крытэрыі і механізмы рэгістрацыі кандыдатаў”. „Нязначныя недакладнасці” ў пададзеных кандыдатамі дакументах, уключаючы дэкларацыі аб даходах і маёмасці, „не павінны прыводзіць да аўтаматычнай дыскваліфікацыі”. Кандыдатам павінна быць дадзеная магчымасць выпраўляць нязначныя або тэхнічныя памылкі ў пададзеных дакументах.

Заканадаўства трэба перагледзець такім чынам, каб адмена рэгістрацыі кандыдата была „выключнай мерай, якая прымяняецца толькі ў выпадку грубых парушэнняў закона, устаноўленых у судзе”.

Улады павінны гарантаваць кандыдатам, выбаршчыкам і назіральнікам, што яны „могуць рэалізоўваць свае грамадзянскія і палітычныя правы, не асцерагаючыся пакаранняў, мер адміністрацыйнага ўздзеяння або запалохвання”. Улады таксама павінны аператыўна расследаваць заявы аб такіх фактах і рэагаваць на іх.

Заканадаўства ў сферы СМІ павінна быць рэфармаванае так, каб забяспечвалася „поўная абарона прынцыпу свабоды выказвання меркаванняў і роўнага доступу да інфармацыі для журналістаў”. Крымінальная адказнасць за дыфамацыю і абразу павінна быць замененая грамадзянскай і строга адпавядаць нанесенай шкодзе.

Каб працэс датэрміновага галасавання быў празрыстым, павінны быць прынятыя „дастатковыя меры перасцярогі”, напрыклад пячаткі, якімі апячатваюцца скрыні для галасавання, павінны быць недаступныя для пабочных асоб, пранумараваныя і зарэгістраваныя, а на працягу кожнага дня датэрміновага галасавання не павінна быць перапынкаў. Пратаколы паводле вынікаў кожнага дня датэрміновага галасавання „павінны заставацца ў публічным доступе да заканчэння падліку галасоў, а таксама да апошняга тэрміну падачы скаргаў”. Для павышэння даверу да працэсу датэрміновага галасавання і яго празрыстасці ўлады „могуць разгледзець магчымасць публікаваць інфармацыю пра штодзённую яўку па кожным выбарчым участку”.

Неабходна ўсталяваць і строга выконваць дакладныя і празрыстыя працэдуры падліку галасоў, каб „усе прысутныя назіральнікі маглі пераканацца ў тым, што вынікі былі падлічаныя дакладна і абвешчаныя сумленна”. Для гэтага трэба абвяшчаць і дэманстраваць, за каго аддадзены голас у кожным бюлетэні. Падлічваць і зацвярджаць вынікі галасавання, а таксама складаць пратаколы аб выніках галасавання трэба максімальна адкрыта. Назіральнікі павінны атрымліваць копію афіцыйнага пратакола з вынікамі галасавання.

БДІПЧ гатовае садзейнічаць уладам Беларусі „ў далейшым удасканаленні выбарчага працэсу і выкананні рэкамендацый, якія ўтрымліваюцца ў гэтай і папярэдніх справаздачах”.

Выбары дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі сёмага склікання адбыліся 17 лістапада 2019 года. На наступную раніцу пасля асноўнага дня галасавання кіраўнік кароткатэрміновай місіі назіральнікаў ад АБСЕ Маргарэт Седэрфельт заявіла, што „парламенцкія выбары прайшлі ў спакойных умовах, аднак не адпавядалі стандартам правядзення выбараў”.

belapan.by