Ігар Кузняцоў: Польская трагедыя пачалася значна раней за 5 сакавіка 1940 года (абноўлена)
5 сакавіка 1940 года савецкае кіраўніцтва выдала пастанову, паводле якой было расстраляна 14 700 захопленых Чырвонай арміяй афіцэраў Войска Польскага. Польская трагедыя ў БССР распачалася значна раней за гэтую дату.
Распавядае даследчык камуністычных рэпрэсій Ігар Кузняцоў:
– Вышэйшая мера пакаранння і дзе прысуд быў выкананы. З пазначэннем “Мінск” – менская ўнутраная турма НКВД, – 5772 прозвішчы. І, згодна аналізу, беларусаў – 61%, 25% – палякі і г.д. І звярніце ўвагу, амаль 25% расстраляных – палякі. Гэта на фоне заявы Лукашэнкі, што ў годы рэспрэсіяў у Беларусі не забілі ніводнага паляка.
Даследчык прывёў лічбы расстраляных у Менску толькі з адной выбаркі, якая ўтрымлівае няпоўныя дадзеныя за ранейшыя гады. Сама ж беларуская частка Катынскага спісу дагэтуль засакрэчаная беларускім КДБ, магчыма, гэтыя дакументы ўжо і знішчаныя.
Аднак раскрыццё архіваў не дасць поўнай карціны тэрору. Напрыклад, наўрад ці можна будзе даведацца па кожным чалавеку пра канкрэтнае месца яго расстрэлу, кажа даследчык:
– Адкрыццё архіваў СБУ Украіны не прывяло да таго, што ўстаноўлены месцы пахаванняў. І тое, там які спосаб быў вызначаны, па выдзяленні зямельных участкаў у карыстанне НКУС. Там, дзе знаходзіліся сядзібы НКУС, актыўна выкарыстоўваліся, як месцы пахавання, бо пад наглядам, як ахоўваемая тэрыторыя ўжо і ўсё астатняе. То бок мы можам шукаць гэтую інфармацыю незалежна ад архіва КДБ.
5 сакавіка ў Менску кампанія „Забітыя, але не забытыя” правяла сустрэчу з даследчыкамі рэпрэсіяў. На ёй Ігар Кузняцоў адзначыў, што прыведзеныя ў некаторых дакументах лічбы насамрэч значна большыя, паколькі дэпартацыям падлягалі ўсе сем’і польскіх афіцэраў і членаў грамадзянскай адміністрацыі:
– Масавыя дэпартацыі: лютаўская, красавіцкая, чэрвеньская 1940 года і чэрвень 1941 года – гэта ўсё праходзіла на фоне расстрэлу не толькі афіцэраў польскага войска, але і прадстаўнікоў грамадзянскай адміністрацыі. То бок гэта значна большая катэгорыя. Дэпартавалі тыя сем’і, глава сям’і якой, напрыклад, той жа афіцэр, быў рэпрэсаваны.
На дадзены момант, на яго думку, даследчыкам неабходна выпрацаваць захады па здабыцці інфармацыі, якая захоўваецца, напрыклад, у Казахстане, куды накіроўвалі дэпартаваных.
Беларускае Радыё Рацыя, Менск
Фота Аляксей Сіпачоў.