У Гомелі будуць судзіць настаўніцу, якая траўмавала трэцякласніцу



У Гомелі будуць судзіць настаўніцу, якая пашкодзіла вуха трэцякласніцы. Як паведамілі БелаПАН у Гомельскім абласным судзе, заяву пра пачатак справы ў парадку прыватнага абвінавачання падала ў суд Савецкага раёна маці школьніцы. Справа пакуль не прызначаная да разгляду.

У Гомельскім абласным упраўленні адукацыі БелаПАН запэўнілі, што гэтая настаўніца не будзе працаваць у гімназіі № 71, з самага пачатку канфлікту яна заяўляла, што мае намер звольніцца паводле ўласнага жадання.

21 студзеня на ўроку матэматыкі ў гомельскай гімназіі настаўніца траўмавала дзяўчынку — моцна пацягнула яе за вуха і надарвала яго. Бацькі праз тры дні звярнуліся ў міліцыю. Настаўніцы 47 гадоў. У 2017 годзе яна атрымала званне „Настаўнік года” за падрыхтоўку дзяцей да алімпіяд. Яе вучні займалі прызавыя месцы.

Савецкі РАУС Гомеля вынес пастанову аб спыненні праверкі па заяве жыхаркі абласнога цэнтра аб траўмаванні настаўніцай яе дачкі.

Як паведамілі БелаПАН у прэс-службе УУС Гомельскага аблвыканкама, заяўніцы было растлумачанае права распачаць у судзе справу прыватнага абвінавачання. У дзеяннях настаўніцы ёсць склад злачынства згодна з арт. 153 КК (наўмыснае прычыненне лёгкага цялеснага пашкоджання; караецца грамадскімі работамі, або штрафам, або папраўчымі работамі на тэрмін да года, або арыштам). Але згодна з арт. 426 Крымінальна-працэсуальнага кодэкса крымінальная справа прыватнага абвінавачання распачынаецца асобай, пацярпелай ад злачынства, а ў выпадку яе няздольнасці з-за ўзросту або стану здароўя выказваць сваю волю ў крымінальным працэсе або ў выпадку яе смерці — любым з яго паўналетніх блізкіх сваякоў ці членаў сям’і, законным прадстаўніком шляхам падачы ў суд заявы.

Справы аб злачынствах, у тым ліку згодна з арт. 153 КК, з’яўляюцца справамі прыватнага абвінавачання.

У верасні 2019 года здарыўся канфлікт у гомельскай школе № 15. Настаўніца пагражала хлопчыку, вучню 4-га класа, партай, абражала яго. У выніку педагог была звольненая, але пасля ўмяшання Аляксандра Лукашэнкі адноўленая на працы. Замест настаўніцы свае месцы страцілі кіраўнікі абласнога, гарадскога і раённага (Навабеліцкага) аддзелаў адукацыі. „На месцы настаўніка галаву адкруціў бы шчанюку нейкаму!” — заявіў Лукашэнка на адрас школьніка.