Макей: Няма сэнсу працаваць над дарожнымі картамі інтэграцыі



Менск не бачыць сэнсу працаваць над дарожнымі картамі паглыбленай інтэграцыі з Расеяй, пакуль не вырашаныя пытанні паставак нафты, заявіў міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей.

«Давайце вырашым пытанне з нафтавымі пастаўкамі, а потым ужо будзем далей думаць. Не працуе цяпер рабочая група, і сэнсу няма зараз працаваць над гэтымі дарожнымі картамі, пакуль не будуць вырашаныя гэтыя пытанні», – сказаў Макей, адказваючы на пытанне ТАСС.

З 1 студзеня 2020 года Беларусь атрымлівае нязначны аб’ём расейскай нафты з-за адсутнасці буйных кантрактаў. Менск не згодны з прэміяльнай надбаўкай, якую хочуць атрымліваць пастаўшчыкі. На даручэнне Аляксандра Лукашэнкі ўрад шукае альтэрнатыўную нафту і альтэрнатыўныя шляхі яе пастаўкі.

Між іншым 14 лютага Лукашэнка, размаўляючы з калектывам Светлагорскага цэлюлозна-кардоннага камбіната, заявіў, што праца над дарожнымі картамі інтэграцыі будзе працягнутая. «Мы будзем і далей працаваць па інтэграцыі. У гэтым няма нічога дрэннага», – сказаў афіцыйны лідар. Паводле яго слоў, стварэнне наднацыянальных органаў і іншых абʼяднанняў, што было прадугледжанае апошняй (31-й) дарожнай картай, бакі дамовіліся не абмяркоўваць. «Чыста эканамічныя пытанні па інтэграцыі», – адзначыў Лукашэнка.

Дарожныя карты былі парафіяваныя 6 верасня 2019 года прэмʼер-міністрамі дзвюх краін Сяргеем Румасам і Дзмітрыем Мядзведзевым.

БелаПАН