Ірына Касцевіч: Грошы трэба ўмець зарабіць



Інвалід 2 групы з вёскі Дзевяткі Кобрынскага раёна Аляксандр Краўчук у чарговы раз сустрэўся з міністрам працы і сацыяльнай абароны Ірынай Касцевіч наконт свайго працаўладкавання.

З яго пенсіі па інваліднасці пасля вылічэння штрафа за вадаём на яго сядзібе застаецца толькі на ўтрыманне непаўналетняй дачкі і больш ні на што, кажа Аляксандр Краўчук:

– Калі ў горадзе Кобрыне сярэдні заробак у рабочых – гэта 300-400 рублёў. Як выжыць сям’і на такія заробкі? Быў на прыёме ў Касцевіч Ірыны Анатольеўны з пытаннем свайго працаўладкавання па садзейнічанні ўладкавання на працу. Але не проста на працу, а каб на заробак можна было б самаму жыць і ўтрымліваць сваіх дзяцей.

Паводле міністра Ірыны Касцевіч, грошы трэба ўмець зарабіць. І ўсё гэта залежыць не ад улады, а ад кожнага з нас:

– Заробак апярэджвае вытворчасць працы, таму што працаваць не ўмеем. Сённяшняе жыццё дазваляе стварыць самому сабе рабочае месца.

„Па словах міністра працы і сацыяльнай абароны, і заробкі, і пенсіі кожны атрымлівае такія, якія здольны зарабіць. Улада тут ні пры чым”, – гаворыць Аляксандр Краўчук.

Беларускае Радыё Рацыя