Пра сучасных сталіністаў



5 сакавіка 1953 году на ўрадавай дачы ў Падмаскоўі сканаў камуністычны правадыр і крывавы тыран Ёсіф Сталін, ён жа Ёсіф Джугашвілі. Абставіны ягонага бясслаўнага канца, хоць і ў камедыйнай форме, выдатна адлюстраваныя ў забароненай у Расеі кінастужцы “Смерць Сталіна”. Пакуль дыктатар, якога баялася 6-я частка сушы, паміраў у канвульсіях, яму на дапамогу не прыйшоў ніхто. Магчыма, ягоныя паслугачы, якія бачылі сябе пераемнікамі і ў думках прымяралі кіцель генералісімуса, проста чакалі, пакуль Коба, нарэшце, памрэ. Аднак не выключана, што ніхто асабліва не дапамог вусатаму дыктатару праз шалёны страх да ягонай асобы. Вядома, што нават блізкае атачэнне Сталіна і ягоная асабістая ахова панічна баяліся парушыць прыватную прастору гэтага небяспечнага персанажа, каб не апынуцца ў засценках катаў з НКВД. Таму людзі, якія тэарэтычна маглі яму дапамагчы, доўгі час не ўваходзілі ў памяшканне, каб не наклікаць на сябе бяду. Лёс адпомсціў забойцу, які вінаваты ў гібелі дзясяткаў мільёнаў нявінных грамадзян камуністычнай імперыі. Ад велічы да нікчэмнасці – адзін крок. І ганебная смерць Сталіна, цела якога не паспела астыць, як над ім пачалася дзяльба ўлады, – таму пацвярджэнне.

Пра ролю Сталіна ў крывавых падзеях ХХ стагоддзя напісаны сотні, калі не тысячы кнігаў і адзняты дзясяткі фільмаў. Толькі сотай часткі з таго, што ён зрабіў, хапае для таго, каб пракляць яго імя навечна. Ён і сам быў забойцам і рабаўніком да таго, як узначаліў СССР, а потым зладзействы дасягнулі такога маштабу, што спаборнічаць з ім можа хіба што Адольф Гітлер. Калі б не перамога саюзнікаў над нацыстамі ў ІІ Сусветнай вайне, вялікі ўнёсак у якую зрабілі народы СССР, то няцяжка прагназаваць, які б лёс чакаў Сталіна. Але менавіта вынікі самай жахлівай вайны ў гісторыі чалавецтва дазволілі яму пазбегнуць імклівага суда гісторыі. Прынамсі, адтэрмінаваць яго на нейкі час.

За дзесяцігоддзі сталінскага тэрору і бязлітаснай прапаганды развянчаць культ асобы ў адно імгненне, нягледзячы на бясспрэчныя доказы віны Сталіна, было наўрад ці магчыма. Нездарма новаму генеральнаму сакратару КПСС Мікіту Хрушчову спатрэбілася ажно тры гады, каб правесці эпахальны ХХ з’езд, на якім быў абвешчаны курс на дэсталінізацыю. А цела дыктатара ў атмасферы сакрэтнасці было вынесенае з маўзалея на Краснай плошчы яшчэ пазней, толькі ў 1961 годзе. Прыблізна ў гэты ж час па ўсёй краіне дэмантаваліся помнікі Сталіну. Аднак гэтых акцый, каб выветрыць сталінізм з галоваў савецкіх грамадзянаў, яўна не хапіла. Прынамсі, такое складваецца ўражанне, калі чытаеш навіны пра цырымоніі адкрыцця помнікаў Сталіну па ўсёй Расеі. Ды і Беларусь не надта адстае ад сваёй суседкі па глобусе. У нас кіраўнік дзяржавы не адзін раз выказваўся ў рэчышчы, што, маўляў, не трэба дэманізаваць асобу Сталіна. А калі ён так кажа, то чаго чакаць ад ягоных падначаленых, якія арганізоўваюць святкаванні на Лініі Сталіна і ўвогуле не спяшаюцца асуджаць злачынствы сталінізму.

Парадаксальна, але нават у ХХІ стагоддзі знаходзяцца тыя, хто гатовы з пенай ля рота абараняць Сталіна. Імі выкарыстоўваюцца эпітэты пра “эфектыўнага менеджара”, які адсталую імперыю пераўтварыў у звышдзяржаву. Што праўда, гэтыя апалагеты сталінізму сарамліва маўчаць пра тое, што ў падмурку сумнеўных заваёваў ляжаць косткі дзясяткаў мільёнаў закатаваных грамадзянаў. Нашчадкі ахвяраў сталінізму дагэтуль у Беларусі не адчуваюць сябе абароненымі на вуліцах гарадоў, якія носяць імёны савецкіх катаў. Унукі і праўнукі рэпрэсаваных вымушаныя маўкліва назіраць за тым, як на Лініі Сталіна пастаянна праводзяцца нейкія мерапрыемствы, а на аўтамабілях некаторых асабліва разумных суайчыннікаў напярэдадні 9 траўня вывешваюцца налепкі з выявай генералісімуса. Хоць тыпусы, якія размяшчаюць падобнае, не задумваюцца асабліва, што вялікая віна за пагібель амаль 30 мільёнаў савецкіх грамадзянаў у ІІ Сусветнай ляжыць менавіта на іх куміры. Ён бы і ІІІ Сусветную развязаў, каб не прыкрая неспадзяванка ў выглядзе дамы з касой. Пры гэтай уладзе, вядома, мы не дачакаемся пра рашэнне аб крымінальнай адказнасці за прапаганду сталінізму, але перакананы глыбока, што некалі гэта адбудзецца. Іначай проста немагчыма жыць у адной краіне з людзьмі, якія беспакарана праслаўляюць людажэра, напляваўшы на пачуцці сотняў тысяч суграмадзянаў.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ