Канапацкая плануе падаць у суд на Казлова і Лябедзьку



Экс-дэпутат Палаты прадстаўнікоў Ганна Канапацкая плануе падаць у суд на в.а. старшыні Аб`яднанай грамадзянскай партыі Мікалая Казлова і экс-старшыню АГП Анатоля Лябедзьку. Пра гэта яна заявіла ў эфіры „Еўрарадыё”.

Канапацкая адзначыла, што 3 сакавіка ў яе быў запланаваны эфір з удзелам Казлова, але запіс праграмы не адбыўся. Вядучы Дзмітрый Лукашук адказаў, што Казлоў адмовіўся, спаслаўшыся на нежаданне „зніжаць планку і ўдзельнічаць у разборках”.

„Я магу публічна заявіць, паглядзеўшы відэа з былым кіраўніком АГП Лябедзькам, я разумею, што тое відэа, якое яны размясцілі на афіцыйным партыйным канале, з`яўляецца абразлівым і парушае заканадаўства Рэспублікі Беларусь. І каб ён не зніжаў планку, мы сустрэнемся з ім у зале судовых пасяджэнняў”, — заявіла Канапацкая.

„Паглядзім, наколькі планка іх прыстойнасці і выканання закона вялікая”, — дадала яна.

Відэасюжэт, пра які кажа Канапацкая, з`явіўся на youtube 26 лютага. У ім Лябедзька назваў Канапацкую „эскортніцай Лукашэнкі”. Гэтаму папярэднічала заява Канапацкай у сацыяльных сетках пад назвай „Вас, Казлоў, Ярмошына пакусала”, у якім яна абвінаваціла былога аднапартыйца ў празмернай увазе штаба праймерыз да подпісаў, якія яна падала для ўдзелу ў працэдуры выбару адзінага кандыдата на прэзідэнцкіх выбарах ад апазіцыі.

3 сакавіка на прэс-канферэнцыі в.а. каардынатара штаба праймерыз Аляксей Сігаеў паведаміў, што Канапацкая не зарэгістраваная ў якасці прэтэндэнта на ўдзел у выбарах адзінага кандыдата на прэзідэнцкіх выбарах ад апазіцыі. Прычынай ён назваў неадпаведнасць пададзеных ёю подпісаў патрабаванням штаба праймерыз, пагрозы Канапацкай звярнуцца ў дзяржорганы і дзейнасць, якая „не была накіраваная на ўмацаванне даверу”.

У каментары БелаПАН Канапацкая паведаміла, што рашэнне аб далейшым удзеле ў прэзідэнцкай кампаніі агучыць „у тэрмінах і парадку, устаноўленым заканадаўствам”.

Ганна Канапацкая раней з`яўлялася членам Аб`яднанай грамадзянскай партыі, аднак у канцы 2019 года была выключаная „з прычыны неаднаразовых парушэнняў” статута АГП, „страты даверу” да яе, а таксама „страты сувязі з партыяй”.

Пагадненне аб працэдуры праймерыз падпісалі БСДП (Грамада), Партыя БНФ, АГП, аргкамітэт БХД і рух „За Свабоду”. У якасці прэтэндэнтаў зарэгістраваныя: намеснік старшыні Партыі БНФ Аляксей Янукевіч, старшыня Аб`яднанай грамадзянскай партыі Мікалай Казлоў, сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі „Беларуская хрысціянская дэмакратыя” (БХД) Павел Севярынец і кіраўнік руху „За Свабоду” Юрась Губарэвіч. Усе яны вылучаліся ад сваіх арганізацый. Таксама прэтэндэнтам зарэгістраваная сустаршыня аргкамітэта БХД Вольга Кавалькова, якая вылучалася шляхам збору подпісаў.

Канчаткова кандыдатура адзінага кандыдата ад апазіцыі будзе вызначаная на Кангрэсе дэмакратычных сіл у канцы мая.

Прэзідэнцкія выбары павінны адбыцца не пазней за 30 жніўня 2020 года.

belapan.by

Фота tut.by