„Юнацтва” і „Дынама-Маладзечна” прайгралі
Хакеісты „Юнацтва” і „Дынама-Маладзечна” саступілі супернікам ў пятых матчах чвэрцьфінальных серый плэй-оф чэмпіяната Беларусі. Шматразовыя чэмпіёны Беларусі мінімальна саступілі аршанскаму „Лакаматыву” — 0:1. У пятым матчы серыі адзіную шайбу за паўтары хвіліны да фінальнай сірэны правёў Артур Абметка. „Зубры” спатыкнуліся ў паядынку з „Гомелем” — 1:3. Гамяльчане ў гасцявым матчы супраць маладзечанскай дружыны прапусцілі першымі. На 9-й хвіліне сустрэчы лік адкрыў Аляксандр Зубрыцкі. Аднак „рысі” пад напорам „зуброў” не здаліся. Сваё важкае слова сказалі Сяргей Таполя, Ігар Равенка і Насер Субхі. Такім чынам, „Дынама-Маладзечна” і „Юнацтва” вядуць у сваіх серыях з лікам 3:2. Аформіць пуцёўкі ў наступны раўнд плэй-оф гэтыя дружыны змогуць 7 сакавіка ў Оршы і Гомелі адпаведна. У выпадку неабходнасці каманды правядуць сёмыя матчы, якія адбудуцца 9 сакавіка.
Херман выйграла спрынт на этапе Кубка свету
Нямецкая спартоўка Дэніз Херман выйграла спрынтарскую гонку на сёмым этапе Кубка свету па біятлоне, які праходзіць у чэшскім Новэ-Места. Яна пераадолела 7,5 км за 18 хвілін 51 секунду. Лепшы вынік сярод беларускіх біятланістак паказала Ганна Сола – 37-е месца, Алена Кручынкіна стала 42-й, Ірына Крыўко – 70-й, на 71-й пазіцыі размясцілася Ірына Кручынкіна. Працягнуцца спаборніцтвы сёння спрынтам у мужчын. Эстафеты пройдуць 7 сакавіка. Завершыцца этап Кубка свету 8 сакавіка мас-стартамі. Па выніках спрынтарскай гонкі ніводная прадстаўніца зборнай Беларусі не прабілася ў гонку з масавым стартам. Фініш на 70-й пазіцыі адсунуў Ірыну Крыўко на 27-е месца агульнага заліку. Такім чынам, яна страціла месца ў топ-25, якое гарантавала трапленне ў мастарт.
Максім Бардачоў арандаваны „Тарпеда” -БелАЗам у „Шахцёра”
Абаронца Максім Бардачоў арандаваны „Тарпеда”-БелАЗам ў салігорскага „Шахцёра”. „Майстар спорту міжнароднага класа, гулец нацыянальнай зборнай, пяціразовы чэмпіён Беларусі і ўладальнік мноства іншых тытулаў Максім Бардачоў перайшоў з „Шахцёра” у „Тарпеда”-БелАЗ на правах арэнды. Выхаванец гарадзенскай СДЮШАР-6 за гады сваёй кар’еры выступаў за „Нёман”, МТЗ-РІПА, БАТЭ, „Томь”, „Растоў” і „Арэнбург”. У 2017 годзе вярнуўся ў Беларусь, заключыўшы кантракт з салігорскім клубам”, – адзначае афіцыйны сайт „Тарпеда”-БелАЗа.
Уладзіслаў Малькевіч і Максім Мякіш працягнулі кантракты з БАТЭ
Абаронца Уладзіслаў Малькевіч і хаўбек Максім Мякіш працягнулі кантракты з БАТЭ. „Малькевіч яшчэ ў верасні 2016-га дэбютаваў у галоўнай камандзе „жоўта-сініх”, за якую на дадзены момант правёў 5 паядынкаў (3 — у чэмпіянаце, 2 — у Кубку). Мякіш уліўся ў шэрагі барысаўчан сёлета ў лютым, з’яўляўся адным з ключавых штыкоў дубля, з якім святкаваў перамогу ў першынстве краіны сярод рэзервістаў, а таксама згуляў 2 кубкавыя паядынкі за асноўны склад. Прычым у хатняй сустрэчы 1/8 фіналу з менскім „Тарпеда” адкрыў лік сваім галам за БАТЭ.
Абодва ў мінулым годзе рэгулярна выклікаліся ў маладзёжную зборную Беларусі: у актыве Максіма – 5 матчаў, ва Уладзіслава – 2″, – гаворыцца ў паведамленні афіцыйнага сайта БАТЭ.
„Валенсія” – „Аталанта”: матч Лігі чэмпіёнаў пройдзе без гледачоў з-за каранавіруса
Матч у адказ 1/8 фіналу Лігі чэмпіёнаў „Валенсія” – „Аталанта” пройдзе без гледачоў з-за сітуацыі з каронавірусам. Сустрэча адбудзецца 10 сакавіка на стадыёне „Месталья”. Пры гэтым іспанскі клуб не хоча прымаць італьянскіх заўзятараў з-за распаўсюду каронавіруса, адзначае sport-express.ru. Першая гульня завяршылася буйной паразай іспанскага клуба з лікам 1:4.
Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя