У сакавіку 250 тысяч тон азербайджанскай нафты паступіць у Беларусь



Дзяржнафтакампанія Азербайджана ў сакавіку паставіць для Беларусі тры партыі нафты агульным аб’ёмам каля 250 тысяч тон праз порт Адэсы і нафтаправод „Адэса-Броды”, паведамілі interfax.by ў прэс-службе канцэрна „Белнафтахім”.

„Ёсць дамоўленасці з Socar Trading пра пастаўку ў сакавіку трох партый нафты агульным аб’ёмам каля 250 тыс. тон у порт Піўдзенны (Адэская вобласць). Далей нафта будзе прапампаваная па трубаправодзе Адэса-Броды і затым праз Броды-Мазыр на „Дружбе” на Мазырскі НПЗ”, – сказаў прадстаўнік прэс-службы.

У канцэрне таксама паведамілі, што першая партыя ў пятніцу ўжо адпраўлена з порта Джэйхан (Турцыя). На працягу месяца Socar Trading паставіць у порт Адэсы яшчэ два танкеры – 80 тысяч тон Urals з Наварасійска (Расея) і 80 тысяч тон Azeri light з Супса.

zviazda.by