Міхаіл Чыгір: Пажылі на халяву – і хопіць!



Былы прэм’ер-міністр выказаў сваё меркаванне з нагоды так званай “паглыбленай інтэграцыі” з Расеяй.

Афіцыйны Міенск не бачыць сэнсу працаваць над «дарожнымі картамі» па паглыбленні інтэграцыі з Расеяй, пакуль не вырашаны пытанні з пастаўкамі нафты ў краіну, заявіў журналістам міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей.

«Давайце вырашым пытанне з нафтавымі пастаўкамі, а потым ужо будзем далей думаць, – сказаў кіраўнік знешнепалітычнага ведамства. – Не працуе цяпер рабочая група (Беларусі і Расеі па інтэграцыі), і сэнсу няма цяпер працаваць над гэтымі «дарожнымі картамі», пакуль не будуць вырашаны гэтыя пытанні».

Міхаіл Чыгір: На гэтым этапе Беларусі непатрэбна ніякая паглыбленая інтэграцыя. Паглядзіце, што робіць апошнім часам ў адносінах паміж Расеяй і Беларуссю. Малочныя, мясныя, нафтавыя і газавыя войны. Суцэльныя скандалы, пастаянныя палкі ў колы з боку Расеі. Краіны, якія варожа настроены адзін да адной, знаходзяцца ў лепшых стасунках, чым гэтыя “саюзнікі”.

Таму пра якую інтэграцыю можна казаць? Няхай спачатку разбяруцца ў сёняшніх праблемах, а затым ужо трэба рухацца некуды далей. Таму міністр замежных спраў усё правільна сказаў.

РР: Усе ж разумеюць, што ў канчатковым выніку жадае мець Расея – яшчэ адну губернію…

Міхаіл Чыгір: А вось гэта нават не павінна абмяркоўвацца. Таму трэба назаўжды забывацца пра танныя расейскія нафту і газ, каб Масква больш не шантажавала гэтым. Пажылі на халяву – і хопіць!

Трэба прыстасоўвацца да новых умоў існавання і жыць так, як жывуць многія іншыя краіны. І ў многіх выпадках даволі нядрэнна жывуць. Гэта нават не вельмі прыстойна жыць за кошт іншай краіны, а бясплатны сыр, як вядома, бывае толькі ў пастцы.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя