Ці справядлівая працэдура абрання адзінага кандыдата?



Лідар Партыі БНФ Рыгор Кастусёў распавёў пра тое, чаму ў сёняшніх умовах народнае галасаванне – гэта правільны падыход.

Рыгор Кастусёў: Нагадаю тым, хто яшчэ не ведае, што народнае галасаванне – гэта толькі адзін з відаў падчас выбараў адзінага кандыдата. Яшчэ ж будзе і электроннае галасаванне, партыйнае галасаванне і на Кангрэсе. Падзел такі: 10 адсоткаў – галасы партыі, 30 адсоткаў – электроннае галасаванне, 30 адсоткаў – народнае галасаванне ў рэгіёнах, і 30 адсоткаў – на Кангрэсе. Хто з прэтэндэнтаў больш балаў набярэ, той і стане адзіным кандыдатам.

РР: Ці справядлівая гэтая працэдура абрання адзінага? Ці адлюструе яна сапраўдную карціну?

Рыгор Кастусёў: На мой погляд, іншых магчымасцей арганізаваць народнае галасаванне у сёняшніх рэаліях няма. Мы, безумоўна, улічваем, што ў людзей падчас галасавання будзе прысутнасць страха, боязнь. Напэўна, шырока людзі не пойдуць на нашы сустрэчы, але мы павінны ім усё-такі даць магчымасць выказацца.

Па некаторых сустрэчах у рэгіёнах, якія прайшлі па-за межамі праймерыза, бачна, што ў людзей ёсць цікавасць да нашай ініцыятывы. Па апытаннях народа на вуліцах бачна таксама, што многія чакаюць перамен у краіне, і новых асобаў ва ўладзе. І людзі задаюць пытанне: ці магчыма гэта? Ці ёсць тыя, хто прыйдзе на змену дзеючай уладзе? Паспрабуем паказаць, што альтэрнатыва ёсць.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя