Сонечныя радкі Васіля Матэвушава



У Брылёўскай сельскай бібліятэцы Магілёўскага раёна прайшла літаратурная гадзіна „Радкі, напоўненыя сонцам”, прысвечаная 105-годдзю з дня нараджэння вядомага беларускага паэта Васіля Матэвушава.

Бібліятэкар Юлія Яцкова расказала пра вёску Княжыцы Магілёўскага раёна, дзе 6 сакавіка 1915 года нарадзіўся будучы паэт.

Васіль з малалецтва прызвычаіўся чытаць, заўсёды імкнуўся да ведаў, і калі вучыўся ў Княжыцкай школе калгасная моладзі, то пасябраваў там з Міхасём Ларчанкам і Пятрусём Бядуліным, якія натхнілі яго на творчыя пошукі ў паэзіі. І з першага верша, які быў надрукаваны ў 1930 годзе ў газеце „Піянер Беларусі”, пачаўся шлях Васіля Матэвушава ў беларускую літаратуру.

Вельмі добрыя ўспаміны засталіся ў яго ад перадваеннай вучобы ў Магілёўскім педагагічным інстытуце, а потым была вайна, і лёс закінулі маладога настаўніка ў далёкі сібірскі Омск. Там у яго з’явілася сям’я, нарадзілася дачка і ўсё было добра, але сэрца прасілася на радзіму — на непаўторную і дарагую Магілёўшчыну.

І ў 1948 годзе сям’я Матэвушавых прыехала ў Магілёў, дзе Васіль плённа працаваў да скону жыцця, пакінуўшы свае ўзнёслыя думкі і пачуцці на старонках паэтычных зборнікаў.

Бібліятэчная кніжная выстава шырока прадставіла творчасць Васіля Матэвушава. Спецыяльна да юбілею быў падрыхтаваны бібліяграфічны паказальнік „Радкі, напоўненыя сонцам”.

Вершы паэта прагучалі ў выкананні чытачоў бібліятэкі Аліны Кавалёвай, Уладзіміра Сідарава, Анастасіі Дубавой і Аляксандры Івановай.

Дырэктар Брылёўскага сельскага Дома культуры Мікалай Яцкоў адзначыў, што родная Васілю Іванавічу Матэвушаву княжыцкая зямля вельмі багатая на таленавітых людзей. З Княжыцаў і навакольных вёсак пайшлі ў жыццё Народны мастак Беларусі Павел Масленікаў, кінарэжысёр Іосіф Шульман, арганізатар партызанскага руху Ціхан Бумажкоў, вучоны-атамшчык Маттэс Агрэст, міністр асветы БССР Іван Ільюшын, акадэмік Уладзімір Камароў, военачальнік Васіль Мельнікаў. І мы ганарымся славутымі землякамі.

Напрыканцы сустрэчы ўсе прысутныя з задавальненнем праглядзелі відэафільм „Гісторыя з геаграфіяй. Княжыцы” (студыя „Беларусь-4. Магілёў”).

Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя, Магілёўскі раён Фота Міколы Яцкова