Дом на Кірава
6-га сакавіка, Гомель, вулiца Кiрава, дом 74 – цагляны будынак мiжваеннага часу пафарбаваны ў жоўты колер.
Вялікія вокны, на першым паверсе забітыя дошкамі, на другім паверсе – расчыненыя, дзе-нідзе разбітыя.
Дом – пад знос.
Вясновае сонца.
На даху ўзбуджаныя галубы.
Галубы залятаюць ў дом праз разбітыя шыбы і вылятаць на вуліцу. У закінутым бязлюдным доме птушкам можна і гнёзды віць. На падваконні другога паверху сядзіць кот – падсоквае, спрабуе схапіць голуба.
Людзей адсялілі.
На дзвярах папярэджанне пра небяспечную зону і забаронены ўваход.
Фатаграфую дом, мне шкада жыцця, якое пакінула дом. Хаця да знікнення тут будзе іншае жыццё – гарадская прырода пачала захопліваць дом.
Падыходзіць жанчына сталага веку, кажа: „Добра, нарэшце людзі дачакаліся зносу”. Гэта пра былых жыхароў дому. Быццам бы паляпшэнне ўмоваў жыцця наўпрост звязана са знішчэннем жытла былога.
Згадала менскі Дом масонаў – у 1987 годзе мы з сяброўкай на працы ў архітэктурна-археалагічным атрадзе „Верхні горад” замалёўвалі і мералі архітэктурныя зонды на фасадзе, выйшаў з дому мужчына з вядром памыяў і накінуўся на нас з гнеўным маналогам: „Калі ўжо гэты дом знясуць”. Была восень. Мерзлі рукі. У Доме масонаў жылі людзі. „Калі знясуць? ” – пытаўся ў нас адзін з жыхароў.
Не знеслі. Дом масонаў – помнік гісторыі і архітэктуры. А дом на Кірава 74 ў Гомелі знясуць, ён пакінуты.
Але пакуль у доме пануюць галубы, на галубоў палююць каты.