Аб’екты дзяржаўнай нерухомасці – за адну базавую



У Беларусі ў бягучым годзе плануецца прадаць 370 аб’ектаў дзяржаўнай нерухомай маёмасці за адну базавую велічыню. Аб гэтым паведаміла на прэс-канферэнцыі намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення распараджэння маёмасцю Дзяржаўнага камітэта па маёмасці Ірына Далгова.

«У 2019 годзе было прададзена 555 абʼектаў дзяржаўнай нерухомай маёмасці на суму большую за Br19 млн. З іх 70 працэнтаў – абʼекты, якія былі прададзены па кошце, зніжаным на 80 працэнтаў, а таксама за адну базавую велічыню (1 БВ – Br27). У планах на гэты год каля 370 абʼектаў, якія прапануюцца ўжо за адну базавую», – сказала Ірына Далгова.

Яна растлумачыла, што згодна з указам нумар 169 «Аб распараджэнні дзяржаўнай маёмасцю» пры продажы абʼекта за адну базавую дастаткова выканаць адну з умоў: весці прадпрымальніцкую дзейнасць, перавесці абʼект у жылое памяшканне або яго знесці. «Аднак калі абʼекты будуць выстаўляцца на таргі, трэба дэталёва прапрацоўваць пытанне. Не ўсе абʼекты можна перавесці ў жылую маёмасць і не ва ўсіх можна ажыццяўляць усе віды вытворчай дзейнасці», – заўважыла Ірына Далгова.

Пры гэтым яна нагадала, што прадаваць нерухомую маёмасць на аўкцыёне за адну базавую велічыню дазваляецца без правядзення папярэдніх аўкцыёнаў на ўсёй тэрыторыі Беларусі (акрамя абласных цэнтраў і Менска).

У ліку навацый указа Ірына Далгова адзначыла скарачэнне колькасці крокаў пры зніжэнні цаны продажу маёмасці. «Калі раней пры выстаўленні на таргі было абавязковым паэтапнае зніжэнне першапачатковага кошту (на 20-50-80 працэнтаў), то цяпер можна зніжаць цану адразу на 50 працэнтаў», – удакладніла яна. Гэта было зроблена для таго, каб не траціць час на правядзенне аўкцыёнаў і павялічыць аператыўнасць продажу дзяржабʼектаў.

Зʼявілася таксама магчымасць павелічэння працягласці растэрміноўкі на куплю дзяржаўнай нерухомай маёмасці. «Раней мы прадавалі маёмасць з растэрміноўкай на адзін год, цяпер тэрмін павялічаны да трох гадоў. Сам пакупнік будзе вызначаць, які тэрмін ён хацеў бы атрымаць», – дадала прадстаўнік ведамства.

БелТА