Уладзімір Самсонаў выйшаў у 1/8 фіналу серыі Сусветнага тура па настольным тэнісе



Беларус Уладзімір Самсонаў прабіўся ў 1/8 фіналу спаборніцтваў серыі Сусветнага тура па настольным тэнісе ў катарскай Досе. У першым раўндзе асноўнага этапу адкрытага чэмпіянату Катара беларус у цяжкім сямісэтавым паядынку адолеў чацвёртую ракетку свету кітайца Лін Гааюаня з лікам 4:3 (5:11, 11:8, 11:7, 9:11, 11:5, 6:11, 11:7). У паядынку за траплянне ў чвэрцьфінал супернікам Уладзіміра Самсонава стане брытанец Ліам Пічфард. Зараз беларус займае 27-е месца ў сусветным рэйтынгу, а яго апанент знаходзіцца на 22-й пазіцыі.

Нарвежац Сіверт Бакен стаў першым у мас-старце на этапе Кубка IBU ў «Раўбічах»

Нарвежскі спартовец Сіверт Гутарм Бакен выйграў гонку з масавым стартам на фінальным этапе Кубка IBU па біятлоне ў «Раўбічах». На другой пазіцыі размясціўся яго партнёр па камандзе Ларс Хэльзе Біркеланд. Замкнуў тройку лідараў расеец Васіль Томшын. Беларус Максім Варабей стаў 15-м, Віктар Крыўко размясціўся на 17-й пазіцыі, Ягор Казарынаў – на 51-м месцы.

У жаночай гонцы з масавым стартам перамагла немка Сафія Шэрар. Адзіная прадстаўніца Беларусі Адэліна Сабітава дапусціла шэсць промахаў на чатырох агнявых рубяжах і стала толькі 36-й.

Вікторыя Азаранка знялася з турніру ў Індыян-Уэлс

Беларуска Вікторыя Азаранка знялася з турніру ў Індыян-Уэлс. Спаборніцтвы пройдуць з 9 па 22 сакавіка. Азаранка 4 сакавіка правяла першы матч са жніўня 2019 года, саступіўшы Тамары Зіданшак у Мантэрэі.

– Каб вярнуцца да спаборніцтваў, мне трэба больш часу на падрыхтоўку, – напісала экс-першая ракетка свету ў Інстаграме. У асноўнай сетцы Азаранка заменіць расейка Вера Званарова.

Менскае «Дынама» заняло 2-е месца па сярэдняй наведвальнасці хатніх матчаў

Па выніках рэгулярнага чэмпіянату КХЛ-2019/20 менскае «Дынама» размясцілася на другім месцы ў спісе самых наведвальных клубаў лігі. У сярэднім на кожным матчы арэна «зуброў» запаўнялася больш чым на дзве траціны – 10699 заўзятараў пры ўмяшчальнасці палаца 15086. Наперадзе па гэтым паказчыку толькі піцерскі СКА (11987).

Беларускае Радыё Рацыя