Экалагічная акцыя «Паасобны збор – у кожны дом!»
У Пінску мясцовыя ўлады сумесна з камунальнікамі аб’явілі гадавую экалагічную акцыю «Паасобны збор – у кожны дом!», якая па чарзе закране ўсе мікрараёны горада. Акцыя скіраваная на папулярызацыю сярод пінчукоў неабходнасці паасобнага збору бытавога смецця, а таксама на павелічэнне колькасці здачы другасных матэрыяльных рэсурсаў.
«Невялікімі крокамі, але мы рухаемся да станоўчых паказчыкаў», – кажа інжынер пінскай станцыі сартавання Аляксей Неўдах:
– Калі людзі будуць сартаваць асобна, трэба будзе меншая колькасць працаўнікоў на сартавальную станцыю. Гэта лягчэй перабраць, як у цывілізаваных краінах. Усё адно мы да гэтага прыйдзем, рана ці позна. Калі вываз будзе штодзённы, натуральна што лініі яго будзе сартаваць нашмат зручней.
Дарэчы, у перапрацоўцы адкідаў Беларусь арыентуецца на Еўрапейскі Звяз, дзе ў сярэднім 46% смецця ідзе на перапрацоўку. Гэты паказчык краіна плануе дасягнуць за бліжэйшае дзесяцігоддзе.
Беларускае Радыё Рацыя