На «народным галасаванні» ў Віцебску перамог Павел Севярынец



У Віцебску на сустрэчу з беларускімі палітыкамі – прэтэндэнтамі на ўдзел у прэзідэнцкіх выбарах у якасці адзінага кандыдата ад апазіцыі сабралася 137 чалавек, не лічачы журналістаў і блогераў. Але непасрэдна ў выбарах узяў удзел толькі 101 чалавек. Сустрэча з выбарцамі праходзіла ў канферэнц-залі гатэля «Лучоса», перш-наперш прэтэндэнты распавялі пра сябе, потым адказалі на пытанні прысутных, і толькі пасля таго распачалася працэдура галасавання.

Вынікі агучыў вядоўца сустрэчы, сустаршыня аргкамітэту па стварэнні партыі Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя Віталь Рымашэўскі:

– Перамог Павел Севярынец з лікам 66 галасоў. Усяго 101 бюлетэнь быў укінуты, адзін з іх прызнаны несапраўдным, па 15 галасоў аддадзена за Юрася Губарэвіча і Мікалая Казлова, Аляксей Янукевіч 4 галасы, і Вольга Кавалькова не атрымала галасоў у сваю падтрымку.

Паводле Вольгі Кавальковай, якая не атрымала ніводнага голасу ні ўчора ў Гарадку, ні сёння ў Віцебску, гэта не ёсць падставай для нейкіх крыўдаў. Найперш таму, што перамога Паўла Севярынца ў Віцебску была чаканай, ён зямляк віцяблянаў, тут жывуць ягоныя бацькі, і тут яго ведаюць больш чым якога-небудзь іншага апазіцыйнага палітыка.

Сваю перамогу Павел Севярынец пракаментаваў вельмі каротка:

– Віцебск сказаў : «Лукашэнка, сыходзь!» Людзі настроены рашуча.

РР: Нават Віцебск сказаў не «так» Паўлу Севярынцу, а галоўнае, што людзі сказалі менавіта «Лукашэнка, сыходзь?»

– Думаю, так. Думаю, гэта пасланне Лукашэнку.

Наступныя сустрэчы з прэтэндэнтамі на ўдзел у прэзідэнцкіх выбарах у якасці адзінага кандыдата таксама пройдуць бліжэйшым часам на Віцебшчыне – у Наваполацку, Мёрах, Шаркоўшчыне, Паставах і Лепелі.

Ганна Ліпка, Беларускае Радыё Рацыя