Віталь Рымашэўскі: Па-сутнасці, выбараў у нас няма



Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада), аргкамітэт па стварэнні партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя», кампанія «Гавары праўду!», Партыя БНФ, Рух «За свабоду» падпісалі пагадненне аб сумеснай назіральнай кампаніі на час прэзыдэнцкіх выбараў 2015 года. Цяпер ідзе працэс фармавання структур кампаніі і тэхнічнага складу, у бліжэйшы час кіраўнікі дэмакратычных структур паедуць па рэгіёнах і будуць ствараць рэгіянальныя аддзелы ва ўсіх абласцях.

Па словах сустаршыні БХД Віталя Рымашэўскага, трэба заангажаваць у назіранне як мага большую колькасць простых грамадзянаў.

– У першую чаргу, дзеля таго, каб не дапусціць легітымізацыі дзейснага рэжыму. Па-другое, зрабіць відавочным для большасці грамадзян Беларусі, што ў нас, па-сутнасці, выбары адсутнічаюць. І ўсё, што ў нас з экранаў тэлебачання назывецца выбарчым працэсам, ёсць насамрэч падманам выбаршчыкаў. Я перакананы, што любы чалавек, які стане незалежным назіральнікам, не важна, падтрымлівае ён сёння дзейсны рэжым, альбо не, сутыкнуўшыся з фактамі фальсіфікацыі, з гэтай цынічнай, хлуслівай машынай,  ужо не застанецца ніколі абыякавым.

Сустаршыня БХД Віталь Рымашэўскі распавёў, што ягоная партыя будзе працягваць супольную кампанію назірання, якую вядзе, пачынаючы з 2006 года. На мінулых парламенцкіх выбарах кампанія «Права выбару» зафіксавала масавыя парушэнні, байкот выбараў у многіх гарадах, адсутнасць яўкі ў 50% ды іншыя, кажа Віталь Рымашэўскі.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота nv-online.info