„Народнае галасаванне” аб’яднала Полацк і Наваполацк



Арганізатары народнага галасавання на Полаччыне зрабілі тое, што ніяк не асмеляцца зрабіць чыноўнікі, – аб’ядналі Полацк і Наваполацк і наладзілі агульную сустрэчу з прэтэндэнтамі на адзінага кандыдата ад апазіцыі. Сустрэча адбылася ў канферэнц-залі наваполацкага гатэля „Нафтан”.

Паводле аднаго з прэтэндэнтаў на адзінага, намесніка старшыні Партыі БНФ Аляксея Янукевіча, пакуль што гэтыя сустрэчы збіраюць пераважна дэмакратычны актыў рэгіёнаў:

– Яны ўсё ж такі паказваюць, як мінімум, такую значную цікаўнасць пакуль дэмакратычна настроенага актыву, а таксама тых людзей, якія блізкія да дэмакратычнага руху. Я думаю, што гэта важны першы крок, то бок мабілізацыя ўласна дэмакратычнага асяродку. Спадзяюся, што „народнае галасаванне” будзе крочыць па краіне і дазволіць прыцягнуць людзей і з па-за дэмакратычнага кола.

Іншы прэтэндэнт на адзінага, сустаршыня Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі Павел Севярынец уражаны колькасцю тых пытанняў, якія задаюць прэтэндэнтам на сустрэчах:

– У гэтых пытаннях вельмі шмат усяго, пачынаючы ад эканомікі і асабістых балючых праблемаў, аж да пытання, як мы будзем рабіць нацыянальную забастоўку. Людзі поўнасцю валодаюць тэмай, людзі разумеюць, што трэба мяняць, інакш яшчэ пяць гадоў Лукашэнкі. Вельмі ўсцешвае, што людзі не прыходзяць паўсоннымі, ну што тут яшчэ прывезла апазіцыя. Людзі бачаць, аб’ядналіся, ідзе выбар. Яны могуць вырашыць, не проста ім прывезлі кагосьці, а яны самі выбіраюць. Не было вольных выбараў у Беларусі 25-ць з гакам гадоў, і тут першыя выбары, у якіх можа паўдзельнічаць кожны грамадзянін Рэспублікі Беларусь. 

На сустрэчы ў Наваполацку было зарэгістравана 71 чалавек, з іх прагаласавалі 68. За Паўла Севярынца аддалі 37 галасоў, за Юрася Губарэвіча з Руху „За Свабоду” — 26. Аляксей Янукевіч атрымаў 2 галасы, за лідара Аб’яднай грамадзянскай партыі Міхаіла Казлова прагаласавала 3 чалавекі. Вольга Кавалькова галасоў не атрымала.

Беларускае Радыё Рацыя