„Гістарычная палітыка і лакальная тоеснасць Падляшша”



„Гістарычная палітыка і лакальная тоеснасць Падляшша” – дэбаты пад такой назвай прайшлі 7-га сакавіка ва ўправе Падляшскага ваяводства, якія былі арганізаваныя фондам „Падляшскі інстытут суверэннай Рэчы Паспалітай” і фондам „Польшча – вялікі праект”.

Удзельнікі дэбатаў хацелі адказаць на пытанні: „Ці ёсць у жыхароў Падляшша супольныя ўяўленні пра лакальную гісторыю? Як стварыць супольнасць, прымаючы пад увагу адрознае пачуццё прыналежнасці да шматкультурнага рэгіёна?” Над гэтымі пытаннямі ў святле гістарычнай палітыкі і культу „выклятых жаўнераў”, разважалі міністр адукацыі Дарыюш Пёнткоўскі, віцэ-ваявода Томаш Мадрас ды гісторыкі Юзэф Марошэк і Алег Латышонак:

– Лічу, што не варта іх выносіць на алтары, менавіта гэтых, бо з імі не так усё адназначна. Не кажу пра ўсіх нязломных жаўнераў, толькі лічу, што калі мы кажам пра лакальную гісторыю, то трэба выказваць эмпатыю іншаму боку. Я магу зразумець чыёсьці захапленне змаганнем „Бурага” ці „Лупашкі”, але трэба памятаць пра тое, што яны зрабілі дрэннае.

Кажа міністр адукацыі Польшчы Дарыюш Пёнткоўскі:

– Польшча з’яўляецца ўнітарнай дзяржавай, дзе адзіная гістарычная палітыка. Дзяржаўныя святы ў гарадах на тэрыторыі Падляшскага ваяводства павінны адзначацца і мясцовыя ўлады абавязаны гэта рабіць. Калі дзяржаўныя ўлады надаюць званне героя, калі польскі суд выдае пастанову, то няма падставаў для абмеркавання мэтазгоднасці надання вуліцам імёнаў польскіх нацыянальных герояў.

Дэбаты суправаджаліся выставай „Аддзелы Лупашкі” падрыхтаванай Бюро публічнай адукацыі Інстытуту нацыянальнай памяці ў Варшаве пры супрацы з Агенцтвам унутранай бяспекі. Яна з’явілася ў Беластоку дзякуючы Падляшскаму інстытуту культуры.

Валянціна Лаеўская, Беларускае Радыё Рацыя