Плануюць зменшыць дарожны падатак для юрыдычных асоб



Дарожны падатак для юрыдычных асоб плануюць зменшыць на 20%, паведаміў тэлеканал «Беларусь 1».

Прапанову зараз разглядае ўрад у рамках падрыхтоўкі праекта ўказа, які адвяжа дзяржпошліну ад тэхагляду. Кантраляваць выплату дарожнага збору будзе інспекцыя Міністэрства транспарту і камунікацый з дапамогай дарожных камер і супастаўлення інфармацыі ў электронных базах.

«Калі казаць пра дзяржпошліну, яна фармуе рэспубліканскі дарожны фонд прыкладна на 40% у цяперашні час. Што тычыцца новага плацяжу, які будзе ўведзены замест дзяржпошліны, то ён таксама ў поўным аб’ёме будзе накіроўвацца на фармаванне рэспубліканскага дарожнага фонду», – распавёў начальнік галоўнага ўпраўлення падатковай палітыкі і даходаў бюджэту Міністэрства фінансаў Ігар Пуркалік.

Паводле папярэдняй інфармацыі, новая сістэма аплаты будзе працаваць па прынцыпе «ездзіш – плаціш, не ездзіш – не плаціш». Мінімальны перыяд аплаты – месяц.

З 2014 года для фінансавання дарожнай інфраструктуры ўсіх аўтаўладальнікаў у Беларусі абавязалі выплачваць дзяржпошліну за выдачу дазволу на допуск транспарту да ўдзелу ў дарожным руху. Дзяржпошліну, якую таксама называюць дарожным зборам або транспартным падаткам, аўтаўладальнікі павінны выплачваць падчас праходжання тэхагляду за ўвесь перыяд дзеяння дазволу, то бок, да даты чарговага тэхагляду.

«Гэта выклікае нараканні з боку асобных грамадзян (пенсіянеры, асобы, якія эпізадычна эксплуатуюць транспартныя сродкі, у тым ліку матацыклы, прычэпы і інш.), бо такі парадак не ўлічвае інтэнсіўнасць (сезоннасць) выкарыстання дарог», – канстатавалі раней у Міністэрстве фінансаў.

У сувязі з гэтым Мінфін падрыхтаваў праект указа прэзідэнта аб змене сістэмы выплаты гэтай дзяржпошліны. Мяркуецца, што плата будзе ўносіцца грамадзянамі паводле заяўнага прынцыпу зыходзячы з запланаванага перыяду ўдзелу транспартнага сродку ў дарожным руху. Так, калі грамадзянін не будзе эксплуатаваць транспартны сродак (напрыклад у зімовы перыяд), то плата ўносіцца не будзе, а грамадзянамі, якія цэлы год выкарыстоўвалі транспартныя сродкі, да ставак платы будзе прымяняцца паніжальны каэфіцыент.

У Мінфіна ёсць апаненты, якія лічаць, што гэты механізм досыць складаны. Самым простым і справядлівым яны мяркуюць уключэнне ўсёй фінансавай нагрузкі па дарожным будаўніцтве ў кошт аўтамабільнага паліва праз павелічэнне акцызаў альбо ўвядзенне дадатковага падатку на аўтамабільнае паліва.

Аднак, як раней адзначаў міністр фінансаў Максім Ермаловіч, сістэма ўключэння дарожнага збору ў кошт паліва была б для грамадзян найменш справядлівай. Пралік дадзенага варыянту паказаў, што рост кошту паліва склаў бы больш за 10 капеек за літр. «І ўся гэтая нагрузка, якая складае сотні мільёнаў рублёў, праз паліва размяркоўваецца практычна на ўсе тавары, якія перавозяцца, уключаючы харчовую групу. Адпаведна, гэта прывядзе да агульнага росту цэн на харчовыя тавары. То бок, людзі, у якіх няма аўтамабіляў, заплацяць гэты збор. У якіх ёсць аўтамабілі – заплацяць і праз паліва, і праз прадукты харчавання», – тлумачыў кіраўнік Мінфіна.

БелаПАН