Запасы лекавых сродкаў у Беларусі складаюць ад 4 да 11 месяцаў



Міністэрства аховы здароўя ўвесь час кантралюе запас у краіне лекаў, расходных матэрыялаў і сродкаў індывідуальнай абароны, паведаміла начальнік галоўнага ўпраўлення арганізацыі медыцынскай дапамогі і экспертызы Міністэрства аховы здароўя Алена Богдан на прэс-канферэнцыі ў Менску 9 сакавіка.

«Па розных пазіцыях лекавых сродкаў запасы ў нас складаюць ад 4 да 11 месяцаў», – адзначыла яна.

Міністр аховы здароўя Уладзімір Каранік пракаментаваў рашэнне расейскага ўрада аб прыпыненні да 1 чэрвеня адгрузак за мяжу вялікай колькасці тавараў, у тым ліку сродкаў дэзінфекцыі. Ён заявіў, што сродкаў для дэзінфекцыі ў Беларусі дастаткова. «Мы вырабляем значна больш, чым патрабуецца нам для ўнутранага спажывання, таму пастаўляем дадзеную прадукцыю на экспарт. Абмежаванне пастаўкі сродкаў дэзінфекцыі па вялікім рахунку ніякім чынам не паўплывае на функцыянаванне нашай сістэмы. Запасы, як ужо гаварылася, створаныя на тэрмін ад 4 да 11 месяцаў працы нават у выпадку адсутнасці вытворчасці. А яна ў нас нікуды не падзелася. Тут ніякіх рызык мы не бачым», – сказаў кіраўнік ведамства.

У той жа час рыхтуецца «пастанова ўрада па мерах у адказ», адзначыў Каранік. «Мы не плануем забараняць пастаўкі нашай прадукцыі на экспарт. Адзінае, будзем уводзіць парадак узгаднення для таго, каб гэта было не на шкоду працы нашай сістэмы. Калі бачым, што нейкія пазіцыі для нас крытычныя і неабходна стварыць уласны запас, тады гэта (пастаўкі за мяжу. – БелаПАН.) будзе часова прыпыняцца. Калі ж запасаў дастаткова, перашкаджаць нашай прамысловасці працаваць у звычайным рэжыме не будзем», – заявіў кіраўнік Міністэрства аховы здароўя.

На пытанне БелаПАН аб пераносе тэрмінаў правядзення ў Мінску буйнога міжнароднага форуму «Ахова здароўя Беларусі – 2020», які быў запланаваны 24–27 сакавіка, Каранік растлумачыў: «Прычын такога рашэння было некалькі. Па-першае, частка ўдзельнікаў гэтай выставы інфармавалі нас пра немагчымасць сваёй прысутнасці. Адпаведна прадстаўніцтва форуму было б ужо не тое, на якое мы разлічвалі. Па-другое, у нас ёсць прапанова па арганізацыі досыць буйнога міжнароднага форуму, у тым ліку з выставай. Дэталі пакуль не буду выдаваць. Гэта будзе, напэўна, альбо канец лета, альбо восень. Таму мы вырашылі перанесці непрадстаўнічую выставу для таго, каб потым была прадстаўленая максімальную колькасць ахвотных і гэта стала б не толькі дэманстрацыяй дасягненняў, але і абменам думкамі. І каб на яе базе можна было правесці даволі сур’ёзную канферэнцыю аб развіцці аховы здароўя Беларусі і іншых краін».

Паводле апошніх дадзеных СААЗ, вірус COVID-19 закрануў ужо больш за 80 краін. Інфікаваныя 111.354 чалавекі, у тым ліку ў мацерыковым Кітаі – 80.735. Адзнаку ў 7 тыс. хворых перасягнулі Іран, Італія і Паўднёвая Карэя. Памерла 3.892 хворых, паправіліся – 62.373 (анлайн-дадзеныя сэрвісу CSSE).

БелаПАН