Цэны на нафту знізіліся больш як на 40 працэнтаў
Кошт ф’ючарса нафты маркі Brent з пастаўкай у траўні 2020 года ў час таргоў на біржы ICE ў Лондане зніжаецца на 42,6 працэнта, да $31,74 за бараль, сведчаць даныя таргоў.
Кошт красавіцкага ф’ючарса нафты WTI знізіўся на 48,9 працэнта і знаходзіцца на адзнацы $27,72 за бараль.
Агенцтва Bloomberg адзначае, што цяперашняе зніжэнне цэн на нафту стала мацнейшым з 1991 года, калі завяршылася вайна ў Персідскім заліве.
Нафта падае на фоне навін аб тым, што краіны ОПЕК+ па выніках перагавораў у Вене не змаглі дамовіцца аб дадатковым скарачэнні здабычы нафты ва ўмовах спаду попыту з-за каранавіруса. ОПЕК прапаноўвала дадаткова знізіць здабычу на 1,5 млн бараляў у суткі да канца 2020 года. Аднак супраць гэтай прапановы выступілі Расія і Казахстан. У прыватнасці РФ настойвала на прадаўжэнні бягучых дамоўленасцей толькі на другі квартал.
На рэзкае зніжэнне кошту нафты ўжо адрэагавалі сусветныя фондавыя рынкі. Так, ф’ючарсы індэкса S&P 500, які ўключае ў сябе 500 самых буйных кампаній рынку ЗША, спалі на 145,10 пункта (4,90 працэнта). Ф’ючарсы прамысловага індэкса Dow Jones скараціліся на 1245 пунктаў (4,85 працэнта). Ф’ючарсы электроннай біржы Nasdaq знізіліся на 410 пунктаў (4,82 працэнта).
Рэзкае зніжэнне сусветных цэн на нафту стала прычынай масавага распродажу акцый на азіяцкіх фондавых рынках. Ганконгскі індэкс Hang Seng пры адкрыцці таргоў скараціўся больш як на 1 тыс. пунктаў, або амаль на 3,9 працэнта. У негатыўнай зоне таксама праходзяць таргі на фондавых пляцоўках Кітая, Японіі, Сінгапура, Рэспублікі Карэя, Тайланда. У Ганконгу амаль на 10 працэнтаў патаннелі акцыі кітайскага гіганта Petrochina. Адразу на 17 працэнтаў абясцэніліся паперы Кітайскай нацыянальнай афшорнай нафтавай карпарацыі (CNOOC).
Вядучы аналітык з кампаніі JPMorgan Asset Management’s па рынках Азіі Тай Хуэй прагназуе моцную валацільнасць на рынках у бліжэйшай перспектыве. „Далейшыя рызыкі зніжэння нафтавых цэн удараць па акцыях энергетычных кампаній, большасць з якіх і так значна страцілі ў кошце з-за апасенняў запаволення попыту на нафту”, – адзначыў ён.