Падведзеныя першыя вынікі праймерыз



У Менску на паседжанні штабу дэмакратычнай кааліцыі па абранні адзінага кандыдата на прэзідэнцкія выбары падведзены першыя вынікі праймерыз, які пачаўся ў Віцебскай вобласці. Ён прайшоў у Гарадку, Віцебску, Полацку, Наваполацку, Мёрах, Шаркоўшчыне і Паставах.

У галасаванні за адзінага кандыдата прынялі ўдзел 236 чалавек. Больш за ўсіх галасоў набраў сустаршыня Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Павел Севярынец – 150. На другім месцы лідар Руху «За свабоду» Юрась Губарэвіч – 50 галасоў. Кіраўнік Аб’яднанай грамадзянскай партыі Мікола Казлоў атрымаў 25 галасоў, намеснік старшыні Партыі БНФ Аляксей Янукевіч – 7 і сустаршыня БХД Вольга Кавалькова – 4 галасы. 2 бюлетэні для галасавання прызнаныя несапраўднымі.

Па словах Паўла Севярынца, гэтыя лічбы зʼяўляюцца толькі пачатковымі. Асноўная праца – наперадзе:

– Наперадзе яшчэ вельмі шмат гарадоў, усё толькі пачалося. Але бачна, што людзі давяраюць і падтрымліваюць, гэта ўсцешвае. У першую чаргу яны падтрымліваюць лозунг «Лукашэнка, сыходзь!» Людзі скандуюць гэты лозунг у вялікіх гарадах пры поўнай залі. І гэта паказвае, што час Лукашэнкі прайшоў. Зараз нашая справа аб’яднацца, набраць сілу і праз мірныя масавыя пратэсты зламаць сцэнар фальсіфікацыяў.

Праймерыз працягнецца ўжо 10 сакавіка. У гэты дзень галасаванне адбудзецца ў Лепелі Віцебскай вобласці. Потым пачынаюцца паездкі ў Берасцейскую вобласць.

Беларускае Радыё Рацыя