У гарадзенскай “Цудоўні” – тыдзень беларускай кнігі



Этна-крама “Цудоўня”, што знаходзіцца ў цэнтры Гародні на Кірава 3,  на бліжэйшыя сем дзён ладзіць  тыдзень беларускай кнігі.

Пра асаблівасць гэтага тыдня кажа Андрэй Несцяровіч, “гаспадар” і ўладальнік “Цудоўні”:

– Зараз кожны тыдзень мы будзем браць нейкую асноўную тэму і будзем гэтую тэму развіваць на працягу сямі дзён. Паколькі быў фестываль “Прадмова”, то зараз пераходзім да асноўнай часткі. І таму ў гэты тыдзень мы будзем у асноўным развіваць тэму літаратуры, літаратуры беларускамоўнай, сучаснай, перакладной і г.д.

Па словах Андрэя Несцяровіча, у іх краме можна знайсці кнігі, якія не знойдзеш у іншых кнігарнях Гародні. 

– Дакладна магу сказаць, што наўрад ці  “Трое ў чоўне і пёс з імі” вы дзесьці сустрэнеце, або што “Каханак Вялікай Мядзведзіцы” Сяргея Пясецкага сустрэнецца вам. Шмат новых кніжак, якія ў нас з’явіліся пасля гэтага фестывалю, і мы зараз пра іх будзем пісаць. Таму ўсім, хто цікавіцца беларускай літаратурай, мы прапануем сачыць за намі больш пільна, больш уважліва. Шмат цікавостак вас чакае на гэтым тыдні на старонках, на рэсурсах “Цудоўні”.

У планах “Цудоўні”, каб далучыць беларусаў да этна-вырабаў і літаратуры – зрабіць кожны тыдзень розным, а пра яго асаблівасці можна ўжо зараз убачыць на фейсбуку, інстаграме ды іншых сацыяльных сетках.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота Сяргея Апановіча